 Ужо  каля двух месяцаў як кс. Віктар Гайдукевіч SDB прызначаны рэгіянальным  настаяцелем рэлігійнай каталіцкай місіі св. Францішка Сальскага. Пра  новую пасаду, спалучэнне яе з іншымі абавязкамі і пра свае планы святар  распавёў у інтэрв’ю Catholic.by.
Ужо  каля двух месяцаў як кс. Віктар Гайдукевіч SDB прызначаны рэгіянальным  настаяцелем рэлігійнай каталіцкай місіі св. Францішка Сальскага. Пра  новую пасаду, спалучэнне яе з іншымі абавязкамі і пра свае планы святар  распавёў у інтэрв’ю Catholic.by.— Ксёндз Віктар, Вы сталі новым рэгіянальным  настаяцелем салезіянскага таварыства, зарэгістраванага ў Беларусі як  рэлігійная каталіцкай місія св. Францішка Сальскага. Іншымі словамі,  настаяцелем беларускіх салезіянаў. Як адчуванні?
—  У першую чаргу — адказнасць. Да гэтага часу мы, салезіяне ў Беларусі,  былі часткай адной вялікай структуры пад назвай «Усходняя акруга» з  цэнтрам у Маскве. Сёння мы — самастойная структура, якая існуе  аўтаномна. 
Адчуваецца таксама гонар і радасць ад  таго, што на беларускай зямлі мы самі маем магчымасць працягваць  распаўсюджванне харызмы і духу нашага заснавальніка св. Яна Боско на  карысць моладзі. За ўсё ў адказе мы самі, салезіяне Беларусі. 
Я  таксама ўскладваю вялікую надзею на тое, што з Божай дапамогай і пад  апекай св. Яна Боско мы, яго духоўныя сыны, зможам супрацьстаяць  выклікам часу і даць сваёй працай, працай у духу св. Яна Боско, годны і  неабходны адказ на патрэбы сучаснай моладзі дзеля выратавання іх душаў.
—  Колькі субратоў належыць сёння да рэлігійнай каталіцкай місіі св.  Францішка Сальскага ў Беларусі і дзе працуюць браты салезіяне?
—  На сёння да салезіянскай дэлегатуры ў Беларусі належыць 21 субрат. 15 з  іх працуюць у дзесяці парафіях і моладзевых цэнтрах Мінска-Магілёўскай  архідыяцэзіі і Гродзенскай дыяцэзіі. 5 маладых субратоў знаходзяцца на  этапе пачатковай і філасофска-тэалагічнай падрыхтоўкі. Адзін субрат з  Беларусі працуе на місіях у Афрыцы.
— Якія цяжкасці Вы бачыце сёння ў працы місіі св. Францішка Сальскага?
—  Наша місія, таксама як і многія іншыя манаскія ордэны і кангрэгацыі,  сутыкаецца з цяжкасцямі сучаснасці, якія дастаткова шматгранныя.
Гэта  і недахоп кандыдатаў да святарства і саміх святароў для працы з  моладдзю, а таксама недахоп сродкаў для будаўніцтва араторыяў, г.зн.  месцаў сустрэчы для моладзі. Сеня, нягледзячы на цяжкасці, мы ўсё ж  стараемся развіваць сваю прысутнасць і ствараць неабходны асяродак для  сустрэчы з моладдзю. 
Добрым прыкладам для гэтага  з’яўляецца будаўніцтва комплекса ў салезіянскай парафіі Св. Яна  Хрысціцеля ў мікрараёне Серабранка ў Мінску. 
Дзякуючы  ахвяраванням нашых парафіянаў, хоць і не надта хутка, але нам удаецца  ўзводзіць святыню ў гонар нашага заснавальніка святога Яна Боско, а  таксама прылеглыя да яго пабудовы (такія як араторый, тэатральная зала і  іншыя памяшканні, неабходныя для працы ў духу св. Яна Боско). 
Мы  вельмі спадзяёмся, што людзі добрай волі зацікавяцца нашым праектам і  дапамогуць нам у хуткай будучыні завяршыць будаўніцтва і святыні, і  памяшканняў для моладзі. 
Паказальным прыкладам  нашай прысутнасці і працы ў духу св. Яна Боско з’яўляецца салезіянская  супольнасць у Смаргоні. У Бараўлянах ідзе завяршэнне будаўніцтва  моладзевага цэнтра, дзе таксама ўжо добра наладжана праца з дзецьмі і  моладдзю. Не менш важным з’яўляецца для нас служэнне ў Дзятлаве.
—  Да прызначэння на новую пасаду Вы спаўнялі абавязкі вікарыя ў парафіі  Св. Яна Хрысціцеля ў Мінску, віцэ-афіцыяла мітрапалітальнага суда ў  Мінску і дырэктара Нацыянальнага Карытас у Беларусі. Як плануеце  спалучаць гэтыя абавязкі з новай функцыяй?
—  Дзякуй за пытанне. Так, безумоўна, гэта будзе цяжка. Аднак я з надзеяй і  здаровым аптымізмам гляджу ў будучыню. Я лічу, што галоўным аргументам у  гэтым будзе не проста займаць месца ў кіруючай пасадзе, а здзяйсняць  эфектыўную працу на карысць бліжняга. 
Не варта  таксама забывацца, што ва ўсіх пералічаных сферах дзейнасці я працую не  адзін. Паўсюль патрэбныя добрыя людзі, у якіх заўсёды можна быць  упэўненым і яны ёсць: пачынаючы ад маіх субратоў салезіянаў у мінскай  супольнасці, і да цудоўнай каманды ў Нацыянальным офісе «Карытас».
Я думаю, што на гэты конт неабходна будзе правесці шэраг сустрэчаў з нашым кіраўніцтвам і прыняць правільнае рашэнне.
— Якія прыярытэты ставіце ў сваёй працы ў пачатку кадэнцыі?
—  Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці падчас  перэгрынацыі рэліквій св. Яна Боско ў Смаргоні сказаў, што сёння мы  патрэбныя ў Беларусі менавіта як салезіяне з нашай харызмай. Гэта гучыць  для нас як заклік да дзеяння і як праграма на будучыню. 
Таму  галоўнымі прыярытэтамі для мяне з’яўляюцца абнаўленне салезіянскай  харызмы і ўзнаўленне салезіянскага стылю жыцця і працы ў салезіянскіх  парафіях і супольнасцях у Беларусі. 
Наша  салезіянская дзейнасць на тэрыторыі Беларусі мае патрэбу ў новай  стратэгіі і рэструктурызацыі, а гэта азначае пераасэнсаванне сфер нашай  папярэдняй дзейнасці, правядзенне неабходных унутраных змяненняў, а  таксама ўнясенне адказнасці ўнутры супольнасці адзін за аднаго і за  агульную справу, дзейнасць на карысць дзяцей і моладзі.
Па-ранейшаму  прыярытэтнай місіяй нашай арганізацыі з’яўляецца праца з моладдзю, у  аснову якой пакладзена малітва і «прэвентыўная сістэма выхавання», якая  ўключае ў сябе методыку прысутнасці, арганізацыю сустрэч і працы для  моладзі, супольнасць, мадэль араторыя (месца сустрэч, гульняў і  малітвы).
Ведаючы знакі часу, бачачы патрэбы  маладых людзей, важна таксама прадумаць мэтазгоднасць некаторай  салезіянскай прысутнасці, а таксама неабходнасць заснавання новых  салезіянскіх супольнасцяў, асабліва ў вялікіх гарадах, куды ў асноўным і  з’язджае моладзь з вёсак.
— Пачынаючы новую справу, аб чым бы Вы папрасілі ў кс. Боско?
—  Салезіянская прысутнасць мае багатую гісторыю. Мы нічога новага не  адкрываем, мы працягваем пачатую нашымі субратамі даўным-даўно справу  кс. Боско: пачынаючы ад вялікай і вельмі вядомай салезіянскай школы ў  Дварцы, праз служэнне ў няпросты час атэізацыі і камунізму ў Ракаве,  Наваельні, Дзятлаве і іншых месцах, затым падчас вяртання свабоды  веравызнання і да нашых дзён, адданае і ахвярнае служэнне субратоў  салезіянаў на беларускай зямлі ў нашай харызме.
Узгадваючы  ўсё гэта, я хачу выказаць падзяку нашаму айцу і заснавальніку св. Яну  Боско за ўкараненне харызмы і сапраўды, як бы сціпла гэта ні гучала,  багаты плён вялікай колькасці адрасатаў нашага служэння. А таксама  маліць яго, каб ён ніколі не пакідаў, але шчодра выпрошваў у Бога  патрэбныя ласкі для нас — ласкі ў працы з моладдзю.
Падрыхтаваў Ілья Лапато
Даведка:
Ксёндз  Віктар Гайдукевіч SDB нарадзіўся 21 чэрвеня 1978 года ў вёсцы Жупраны  Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці. Пасля заканчэння сярэдняй школы  быў прыняты ў навіцыят у п. Акцябрскі (Расія) і ў 1996 годзе склаў  першыя шлюбы. У 1998 годзе скончыў курс філасофіі ў Вышэйшай  салезіянскай духоўнай семінарыі ў Кракаве (Польшча). 
З  1998 па 2000 гг. праходзіў выхаваўчую практыку ў інтэрнаце для дзяцей і  моладзі ў Рэгенсбургу (Германія). У 2003-м скончыў курс тэалогіі ў  салезіянскім універсітэце ў Бэнэдыктбойерне (Германія), у 2007-м  абараніў ліцэнцыят па кананічным праве ў Дзяржаўным універсітэце імя  Людвіга Максімільяна ў Мюнхене (Германія), дзе ў тым жа годзе пачаў  пісаць дактарат.
Прэзбітэрскае пасвячэнне ён  атрымаў 2 верасня 2006 года з рук біскупа Гродзенскага Аляксандра  Кашкевіча. З 2008 г. — дырэктар Салезіянскай супольнасці ў Мінску і  вікарый парафіі Святога Яна Хрысціцеля. З 2009 г . —  дырэктар  дабрачыннага каталіцкага таварыства Нацыянальны Карытас Беларусі пры   Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.
З 2013 г. — віцэ-афіцыял у міждыяцэзіяльным судзе ў Мінску. 1  жніўня 2013 года Генеральны настаяцель Паскваль Чавес Вжлавэнуэва  пацвердзіў кандыдатуру кс. Віктара Гайдукевіча SDB на рэгіянальнага  настаяцеля рэлігійнай каталіцкай місіі св. Францішка Сальскага ў  Беларусі.
	







 
						



 
						


