Асенні вечар суботы 1 кастрычніка 2011 года быў звычайным для каго-заўгодна, але не для салезіянскай моладзі Беларусі. Гэты вечар доўга чакалі, шмат рыхтаваліся, і ўсё менавіта таму, што на гэты дзень была вызначана паважная падзея - урачыстае Адкрыццё Цэнтра Моладзі Імя Св. Яна Боско ў Мінску.
Распачалася справа, як і павінна быць, св. Імшой у Капліцы. Сабралася сапраўды мноства людзей: прыехала вялікая група моладзі са Смаргоні, прысутнічалі таксама і прадстаўнікі бараўлянскай моладзі, іншых парафій. Але, зразумела, асноўную частку складалі маладыя людзі з Серабранкі. Усе былі вельмі ўсцешаныя з магчымасці бачыць старых знаёмых і пазнаёміцца з новымі сябрамі.
Падчас св. Імшы кс. Павел Шчарбіцкі, які цэлебраваў набажэнства, у казанні звярнуў увагу на адказнасць салезіянкай моладзі, і асабліва аніматараў, у прыкладзе пабожнага жыцця, выхавання ў духу св. Яна Боско. Бо праца аніматара вымяраецца не колькасцю, але якасцю. Менавіта таму, кожны павінен задаць сабе пытанне - "наколькі якасны я аніматар?".
Адразу пасля св. Імшы дзеянне перанеслася ў Цэнтар Моладзі, які ўсё лета чакаў аднаўлення працы. На ўваходзе кожны ўдзельнік мерапрыемства атрымаў асабістую картку з незразумелымі напачатку надпісамі: "Бацька, Маці, Сын ці Дачка" і назва сям'і: "Музыкі, Палітыкі, Геймеры, Батанікі, Спартсмены" і г.д.
Усе занялі месцы ў адпаведнасці са сваімі карткамі, пазнаёміліся з новымі "сем'ямі", прыдумалі для "сям'і" прозвішча і дэвіз, вядучыя мерапрыемства распавялі пра дэвіз, мэты і фармат Адкрыцця. Уяўляў ён сабой сямейныя спаборніцтвы: разнастайныя конкурсы, танцы. Лепш за ўсё апісаць што адбывалася змогуць выдатныя фотаздымкі, якія рабіла Даша Краскоўская. Усё было вельмі цікава і якасна падрыхтавана, таму не было нават магчымасці, каб засумаваць хоць на хвіліну.
Пасля падвядзення вынікаў спаборніцтваў, аніматары з Серабранкі прадставілі прысутным разважанне над сучасным сямейным жыццём у выглядзе невялікай пастаноўкі. Таксама кс. Павел прапанаваў моладзі паразважаць на тым, чым з'яўляецца для кожнага Араторый.
Таксама немагчыма абмінуць яшчэ адну паважную падзею, якая прыпадала менавіта на гэты дзень - дзень нараджэння Тані Ісакавай, адной з арганізатараў Адкрыцця. Моладзь павіншавала імянінніцу і пажадала ёй ўсяго найлепшага. Ад імя рэдакцыі serebranka.sdb.by далучаемся да віншаванняў, жадаем Божага благаслаўлення, добрага настрою і творчага натхнення, ў тым ліку ў напісанні выдатных артыкулаў для сайта!:)
Напрыканцы мерапрыемства усе былі запрошаныя на салодкі пачастунак і дыскатэку.
Шчыра дзякуем арганізатарам мерапрыемства за фантастычны вечар і выдатны настрой, які вы ўсім падаравалі!
P.S.: Трэба таксама дадаць, што гэтае Адкрыццё, як і тое, што адбылося тыдзень таму ў Араторыі г. Смаргонь, адзначылася новым этапам ў развіцці узаемаадносін і духоўнай сувязі паміж мінскай і смаргонскай салезіянскай моладдзю. Як і тыдзень таму, на наступны дзень пасля свята моладзь, якая засталася на начлег, прымала ўдзел у разважанні ў групах. Тыдзень таму тэмай разважання была "Святасць у жыцці", зараз жа моладзь разважала на тэму "Араторый і маё месца ў ім". Дадзенныя разважанні былі вельмі карыснымі для духоўнага развіцця моладзі і выхавання ў духу Дона Боско.