
Цэнтар Моладзі імя св. Яна Боска
Свята дня Нараджэння ў Цэнтры Моладзі
- Катэгорыя: Цэнтр Моладзі

Як належыць кожнаму хрысціянскаму святу, нашае радаснае мерапрыемства распачалося св.Імшой, пасля якой усе прысутныя мусілі накіравацца ў Араторый, на ўваходзе ў які іх чакала пытанне пра дату іх нараджэння. Тыя, якія ўваходзілі ў “крытэрый” імяніннікаў, атрымлівалі торцікі (нажаль, толькі з паперы), якія трэба было прычапіць на адзенне. Пасля ўсіх чакала шмат займальных і цікавых гульняў і танцаў (вядома ж, без традыцыйнага Аўстрыйскага танца свята не адбылося б:).
Пасля таго, як мы атрымалі зарад весялосці, прыйшоў самы ўрачысты момант – ўручэнне падарункаў, дакладней кажучы, выцягванне іх (бо кожны сам павінен быў з заплюшчанымі вачыма выцягнуць сабе падарунак, да якога была прычэплена думка). Вось чаму падарункі імяніннікі “выбіралі” самі – гэтая думка была патрэбна менавіта таму, хто яе выцягнуў. Праз гэтую думку сам Бог выказаў кожнаму Сваё пажаданне.
І, вядома ж, якой дзень нараджэння без салодкага? Падсілкаваўшыся пасля насычанай праграмы, на гэты раз, сапраўднымі (і вельмі смачнымі) торцікамі, мы скончылі сваю маленькую ўрачыстасць слоўкам, якое прамаўляў да нас кс.Павел. Падчас слоўка айцец Павел пазначыў, што жыццё – гэта дар і аб гэтым варта памятаць заўсёды. Бо мы самі не выбіраем ні саміх сабе, ні сваіх бацькоў. Нас выбірае Бог! Дакладна разумеючы, што жыццё ёсць неацэнным дарам, кожны чалавек павінен дзякаваць Богу за гэты дар. Мы мусім прасіць Бога дапамагаць нам рабіць нашае жыццё сапраўдным годным дарам, які будзе даспадобы нашаму нябеснаму Айцу. Бо жыццё кожнага чалавека – гэты не выпадковасць, гэта план Бога. Кожны чалавек ёсць выбраны Богам. Варта заўсёды памятаць пра гэта.
Таццяна Ісакава