24 мая Касцёл адзначаў свята Марыі Успамогі Хрысціянаў. Асаблівым чынам яго святкавала салезіянская сям’я, заснавальнік якой, св. Ян Боска, лічыў Марыю найлепшай падтрымкай сапраўднага хрысціянскага жыцця. «Кожнага, хто ўваходзіць у дзверы араторыя, Марыя бярэ пад сваю няспынную апеку», — казаў святар сваім выхаванцам. Ксёндз Боска давяраў Марыі кожны свой крок і праслаўляў Яе сваімі дзеяннямі. Вернікі мінскай парафіі Св. Яна Хрысціцеля падрыхтавалі ў гонар Марыі Успамогі Хрысціянаў святочны канцэрт, каб праз спеў праслаўляць Яе. Гучалі музычныя выступленні хрысціянскіх гуртоў, спевы хору, дзяцей і моладзі, святароў і сясцёр законных, якія служаць у парафіі. Адчувалася сапраўдная сямейная атмасфера. Напрыканцы пробашч парафіі кс. Аляксандр Мятліцкі SDB адзначыў, што кожны, каб прыйсці ў гэты дзень у касцёл, напэўна, чымсьці ахвяраваўся, і вельмі добра, што выбар быў зроблены на карысць Панны Марыі —падмурку, на якім варта будаваць сваё жыццё з Богам.
25 мая ў араторыі імя св. Яна Боска пры парафіі прайшоў турнір па футболе для юнакоў 12–14 год. Хоць узрост удзельнікаў быў дастаткова юны, гульня прайшла на высокім узроўні. У спаборніцтвах прынялі ўдзел каманды з Мінска, Бараўлян і Беразінскага.
На 4-м месцы змясцілася каманда «Пілігрым» (Беразінскае), 3-е месца заняла каманда-гаспадар «Dominic», 2-е месца — каманда «Радасць» (Беразінскае). Пераможцам стаў ФК Бараўляны.
Кожнай камандзе ўручылі прызы і граматы ўдзельнікаў. Каманда-пераможца атрымала кубак, як у сапраўдным футболе, і смачныя прызы.










