Місійная руплівасць святога Апостала Паўла як натхненне для кансэкраваных асобаў
Святы Айцец Бэнэдыкт XVI распачаў Год святога Паўла ў сувязі з 2000-годдзем нараджэння Апостала Народаў. Паводле гістарычных крыніц, гэта адбылося прыкладна з 7 па 10 гг. пасля Нараджэння Хрыста.
Год святога Паўла распачаўся 28 чэрвеня 2008 г. і будзе працягвацца да 29 чэрвеня 2009 г. Абвяшчаючы Год Апостала Народаў, Святы Айцец указаў на пільную неабходнасць прапаведавання Добрай Навіны пра Езуса Хрыста. Пантыфік заўважыў, што Апостал Павел не з’яўляўся вялікім прапаведнікам, а да яго надзвычайных здольнасцяў нельга адносіць толькі ўменне яскрава прамаўляць, яго бліскучую рыторыку або выдатную апалагетычную ці місійную стратэгію.
Яго поспех перш за ўсё залежаў ад асабістага ўдзелу ў справе збаўлення, поўнай адданасці Езусу, адданасці, якая не баіцца перашкодаў, цяжкасцяў, пераследу.
Бэнэдыкт XVI падкрэслівае, што з гэтага вынікае істотная навука для кожнага хрысціяніна. Дзейнасць Касцёла настолькі будзе сапраўднай і верагоднай, наколькі тыя, хто належыць да Касцёла, самі гатовы «заплаціць» Хрысту за сталую вернасць, каб быць вернымі ў кожную хвіліну, у любых абставінах. Там, дзе ёсць недахоп гэтай гатоўнасці, не хапае рашучага аргумента праўды, ад якой залежыць Касцёл. Паглядзім, як праяўлялася місійная руплівасць святога Апостала Паўла і з чаго яна вынікала.
Можна прадставіць 4 аспекты місійнай руплівасці святога Апостала Паўла:
1) руплівасць прапаведавання Добрай Навіны пра Езуса Хрыста;
2) руплівасць у прыняцці цярпення;
3) руплівасць у адданасці сябрам і супольнасцям;
4) руплівасць у малітве.
Руплівасць у прапаведаванні
Святы Павел добра разумее місію прапаведніка справы збаўлення, здзейсненага Езусам. Апостал падкрэслівае, што ён быў выбраны, каб абвяшчаць справу збаўлення. «Бо адзін Бог і адзін пасрэднік паміж Богам і людзьмі: Чалавек Езус Хрыстус, які аддаў сябе самога на адкупленне за ўсіх» (пар. 1 Цім 2, 6). Чытаем таксама ў Святым Пісанні: «Наш Збаўца Езус Хрыстус знішчыў смерць і асвятліў праз Евангелле жыццё» (пар. 2 Цім 1, 10б).
Выразы Апостал і Настаўнік святы Павел ставіць пасля выразу «keryks», і такім чынам падкрэслівае прыярытэтны характар паклікання прапаведніка. Каб акрэсліць сутнасць місіі прапаведніка, трэба ўказаць на еднасць, якая ёсць паміж тэрмінамі «keryks» і «kerygmat». Тут можна вылучыць такія важныя моманты, як сэнс прапаведавання, мэта і спосаб прапаведавання.
1. «Kerygmat» азначае вестку справы збаўлення, здзейсненага Укрыжаваным і Уваскрослым Езусам Хрыстом;
2. заклік да пакаяння і навяртання і да прыняцця хросту як сапраўдных і неабходных умоваў збаўлення;
3. прапаведаванне «kerygmat» мае ўрачысты характар.
Місійным «kerygmat» святога Апостала Паўла з’яўляецца прапаведаванне нехрысціянам, а гэта значыць габрэям і язычнікам.
«Кerygmat», які прапаведваецца габрэям, мае ў сабе біблійны элемент: абяцаннае збаўленне Бог споўніў у Слове сваім.
Язычнікам прапаведавалася праўда пра адзінага Бога, які паслаў Езуса і быў з Ім, уваскрасіў Яго на трэці дзень і ўстанавіў суддзёю жывых і памерлых, якія вераць у Хрыста-Збаўцу.
Асноўная і сапраўдная матывацыя, якою кіруецца Павел, — гэта любоў да Езуса Хрыста, а праз Яго — таксама любоў да ўсіх людзей. У другім Пасланні да Карынцянаў Павел вызнае, што «Любоў Хрыста ахапіла нас, якія думаюць, што калі адзін памёр за ўсіх, то ўсе памерлі. А Езус памёр за ўсіх, каб тыя, хто жыве, ужо не дзеля сябе жылі, а дзеля памерлага за іх і ўваскрослага» (пар. 2 Кар 5, 14–15). Больш за тое, ён адчуваў місію і апостальскі абавязак, давераны яму: «Бо, калі раблю гэта з уласнай волі, атрымліваю ўзнагароду; а калі не з уласнай волі, то выконваю даручанае мне служэнне» (пар. 1 Кар 9, 17). Выконваючы сваю місію, Павел заўсёды памятаў, што трэба будзе адказваць перад Богам за ўласнае жыццё: «Бо ўсе мы павінны з’явіцца перад тронам Хрыста, каб кожны атрымаў згодна з тым, што ён рабіў жывучы ў целе: добрае ці благое» (пар. 2 Кар 5, 10).
Апостал вельмі жадаў, каб яго сваякі — габрэі — нарэшце пазналі праўду і прынялі яе, а значыць — Езуса Хрыста: «Браты! Жаданне майго сэрца і малітва да Бога аб Ізраэлі дзеля збаўлення» (пар. Рым 10, 1). Апостал Павел меў надзею, што яго служэнне сярод язычнікаў, падштурхне габрэяў і хоць некаторых з іх давядзе да збаўлення. «Я кажу вам, язычнікам: як Апостал язычнікаў я праслаўляю служэнне сваё, каб абудзіць руплівасць сярод сваіх суродзічаў і каб давесці да збаўлення некаторых з іх» (пар. Рым 11, 14–15). Павел выканаў жаданне Езуса — ён ішоў у свет і абвяшчаў Евангелле. Не чакаў, калі людзі да яго прыйдуць. Ён ішоў да іх сам. У сваёй апостальскай руплівасці Павел імкнуўся да разумення граху і адкуплення. Пра тых людзей, якія жывуць у граху, Павел гаворыць: «цяпер у Хрысце Езусе вы, якія калісьці былі далёка, сталіся блізкімі дзякуючы крыві Хрыста. (...) Прыйшоўшы, Ён абвясціў мір вам, якія далёка, і мір тым, якія блізка» (пар. Эф 2, 13, 17н).
Такія людзі не ў стане самі вярнуцца да Бога. Адам пасля граху не быў здольны сам вярнуцца да Стварыцеля. Гэта Бог чакаў Адама, каб прыблізіць яго да сябе. Пасланне Хрыста — гэта бясконцы пошук чалавека. Хрыстус заўсёды шукае чалавека, які згубіўся, каб той нанава мог атрымаць збаўленне. Павел разумее сваю місію як працяг справы Хрыста ў часе і прасторы.
Руплівасць у прыняцці пераследу
За прагненне данесці кожнаму вестку пра збаўленне, Павел павінен быў «заплаціць» даволі вялікую цану: «Тройчы мяне білі кіямі, аднойчы каменавалі, тройчы я цярпеў караблекрушэнне, ноч і дзень прабыў я ў марской глыбіні. Часта быў у падарожжах, у небяспецы на рэках, у небяспецы ад разбойнікаў, у небяспецы ад суайчыннікаў, у небяспецы ад язычнікаў, у небяспецы ў горадзе, у небяспецы на пустыні, у небяспецы на моры, у небяспецы сярод фальшывых братоў, у працы і знясіленні, часта ў недасыпанні, у голадзе і смазе, часта ў посце, у голадзе і галечы» (пар. 2 Кар 11, 25–27).
Праз навяртанне і пакліканне Паўла Бог аб’яўляе Ананію дзве важныя рысы місіі Паўла: «Ідзі, бо гэты чалавек — маё выбранае начынне. Ён занясе імя маё народам, каралям і сынам Ізраэля» (пар. Дз 9, 15в). Прапаведаванне Імя Пана язычнікам і сынам Ізраэля цесна звязана з місіяй Паўла і яго шматлікімі цярпеннямі.
Сам Езус здзейсніў справу збаўлення: прыняў пераслед, мукі, смерць і ўваскрасенне.
Езус, церпячы пераслед, давяраў Айцу і маліўся за сваіх непрыяцеляў: «А Езус сказаў: Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць. І, дзелячы адзенне Ягонае, кінулі жэрабя» (пар. Лк 23, 34). Менавіта такім чынам Езус даў самы яскравы прыклад любові, прымаючы пераслед. Павел добра гэта разумеў, таму ў Першым пасланні да Карынцянаў пра любоў піша так: «Усё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць» (пар. 1 Кар 13, 7).
Місія, якую Уваскрослы даручыў Паўлу, напачатку была сустрэта з неразуменнем, недаверам, падазронасцю яго сваякоў. Габрэі ў Дамаску вырашылі забіць Паўла: «Калі ж прайшоў час, Юдэі згадзіліся яго забіць» (пар. Дз 9, 23). Аднак браты Паўла спусцілі яго па сцяне ў вялікім кошыку і так уратавалі яму жыццё. У Ерузалеме таксама хацелі забіць яго, аднак жа браты даведаліся пра гэта і выслалі яго ў Тарс: «Даведаўшыся пра гэта, браты адвялі яго ў Цэзарэю і паслалі ў Тарс» (пар. Дз 9, 30). Таксама «юдэі падбухторылі пабожных і ўплывовых жанчын і першых у горадзе людзей і распачалі ганенне на Паўла і Барнабу, і выгналі іх са сваіх межаў» (пар. Дз 13, 50), «калі Павел і Барнаба даведаліся, што ў Іконіі язычнікі і юдэі разам са сваімі кіраўнікамі збіраюцца іх зняважыць і ўкаменаваць, яны ўцяклі ў лікаонскія гарады Лістру і Дэрбэ ды ў іхнія ваколіцы і там абвяшчалі Евангелле» (пар. Дз 14, 5–7).
Такім чынам, жыццё Паўла было поўнае небяспекі, цяжкасцяў і рызыкі. Ён быў асуджаны на смерць, катаваны, каменаваны і шмат пакутаваў. Ён адчуваў сябе моцна «звязаным» з Ізраэлем, а сваімі прывілеямі рымскага грамадзяніна карыстаўся вельмі рэдка. У Дзеях апісаны два здарэнні з Паўлам, якія адбыліся ў Памфіліі і Ерузалеме, калі ён звярнуўся да кесаря і выказаў пратэст перад бічаваннем. Пасля цудоўнага вызвалення з вязніцы Павел трымаецца годна, як рымскі грамадзянін, тым больш як Апостал Езуса Хрыста: «Няхай я не буду хваліцца нічым, акрамя крыжа Пана, праз якога свет укрыжаваны для мяне, а я — для свету» (пар. Гал 6, 14).
У Тэсаланікіі «юдэі, якія не паверылі, узяўшы некаторых нягодных людзей, сабраліся натоўпам і бунтавалі горад, і, падступіўшы да дома Іасона, дамагаліся вывесці іх да народа» (пар. Дз 17, 5). У Карынце, «калі Галіён быў праконсулам у Ахаі, юдэі аднадушна паўсталі супраць Паўла, прывялі яго ў суд, кажучы: Ён намаўляе людзей шанаваць Бога нязгодна з Законам» (пар. Дз 18, 12). Напрыканцы трэцяга падарожжа Павел быў арыштаваны ў Ерузалеме, у Цэзарыі. Ён, як грамадзянін Рыма, звярнуўся да цэзара з апеляцыяй і быў прывезены ў Рым, дзе прабыў пад арыштам два гады. Пазней ён прыняў мучаніцкую смерць праз адсячэнне галавы. Дата і месца смерці — не вядомы.
Лічыцца, што памёр Павел ва ўзросце 67 гадоў. Месцам смерці называюць Tre Fontane (каля Рыма). Даследаванні паказваюць, што Павел не абараняўся. Не было нічога, што магло б яго ўтрымаць, знеахвоціць або аслабіць. Руплівасць Паўла ў прыняцці пераследу праяўляецца па-рознаму. У Пасланні да Рымлянаў ён піша: «Хто адлучыць нас ад любові Хрыста: няшчасце ці прыгнёт, ці пераслед, ці голад, ці галеча, ці небяспека, ці меч?» (пар. Рым 8, 35). Павел, з’яўляючыся вызнаўцам Езуса, пераносіў пераслед з жывой надзеяй, якая рабіла яго верным, вытрывалым і радасным. Ён заахвочвае хрысціянаў: «цешцеся надзеяй, ва ўціску будзьце цярплівыя, у малітве — трывалыя» (пар. Рым 12, 12). У Другім пасланні да Тэсаланікійцаў Апостал піша: «І не толькі гэтым, але ганарымся і ўціскам, ведаючы, што ўціск нараджае вытрываласць» (пар. Рым 5, 3). Некалькі разоў Павел дае наступнае сведчанне: «Цяпер я радуюся за вас у цярпеннях і дапаўняю недахоп у маім целе пакутаў Хрыста за Ягонае Цела, якім ёсць Касцёл, слугою якога я стаў паводле дадзенага мне дзеля вас Божага распараджэння, каб выканаць слова Божае, таямніцу, схаваную ад вякоў і ад пакаленняў, якая цяпер аб’явілася Ягоным святым» (пар. Клс 1, 24). Гэтае ж сведчанне дае Павел у сваім Пасланні да Карынцянаў (пар. Кар 7, 4; 12, 10). Акрамя гэтага ён вызнае, што Бог есць Тым, які суцяшае нас ва ўсякай маркоце, а радасць уціску з’яўляецца дарам Духа Святога. У Першым пасланні да Тэсаланікійцаў ён піша: «І вы пачалі наследаваць нас і Пана, прыняўшы слова ў вялікім уціску з радасцю Духа Святога» (пар. Тэс 1, 6).
Руплівасць у клопаце пра вучняў Езуса
Павел эмацыйна быў вельмі моцна «звязаны» з тымі, хто дзякуючы яго слову атрымаў дар веры. Улюбёным выразам Паўла былі такія словы: «Бо калі б нават вы мелі безліч выхаваўцаў у Хрысце, у вас усё адно не будзе шмат айцоў, таму што я нарадзіў вас праз Евангелле ў Хрысце Езусе» (пар. 1 Кар 4, 15). Павел лічыў сябе «айцом» Касцёла ў Карынце (2 Кар 6, 13; 12, 14), а таксама ў Філіпах (тамсама 2, 22), у Тэсалоніі: «Напэўна ведаеце, што кожнага з вас, як бацька дзяцей сваіх, мы заахвочвалі і падбадзёрвалі, пераконваючы паступаць годна Бога» (1 Тэс 2, 11).
Павел быў духоўным айцом супольнасцяў і канкрэтных людзей. Ен піша Філімону: «Я, Павел, будучы старцам, а цяпер і вязнем Езуса Хрыста, прашу цябе за майго сына Анісіма, якога нарадзіў я ў кайданах» (пар. Флм 9б–10). Цімафея Павел называе «сапраўдным дзіцём у веры» (пар. Цім 1, 2). Можна заўважыць, як часта Павел ужывае метафару кормячай маці: «Браты, я не мог прамаўляць да вас як да духоўных, але як да цялесных, як да немаўлят у Хрысце. Я жывіў вас малаком, а не цвёрдаю ежаю, бо вы яшчэ не маглі, ды і цяпер яшчэ не можаце, таму што вы яшчэ цялесныя» (1Кар 3, 1–3).
Вучэнне Паўла не заканчваецца толькі на тым, каб прыняць веру. Потым ён з яшчэ большай адданасцю заахвочвае, павучае, нагадвае, каб тыя, каго ён навучае, дайшлі да поўнай дасканаласці ў Хрысце. «Яго мы прапаведуем, настаўляючы кожнага чалавека і навучаючы кожнага чалавека ўсялякай мудрасці, каб учыніць кожнага чалавека дасканалым у Хрысце» (пар. Клс 1, 28). Павел клапаціўся пра іх належнае функцыянаване, пра святасць паасобных братоў і сясцёр, а перш за ўсё дбае пра тое, каб ніхто не выракся Евангелля, калі давядзецца сустрэцца з пэўнымі цяжкасцямі на сваім шляху да Хрыста. Апостал Павел у сваім Пасланні да Галатаў ужывае вобраз маці, якая нараджае дзіця: «Дзеці мае, дзеля вас я ізноў у муках народзінаў, аж пакуль вобраз Хрыста не выявіцца ў вас» (пар. Гал 4, 19). Такія цярпенні ён адчуваў, калі яны прымалі веру, а таксама пазней, калі ўзрасталі на шляху наследавання Езуса Хрыста.
Важным элементам служэння Паўла з’яўляецца пачуццё вялікай адказнасці за духоўнае жыццё сваіх дзяцей. Калі не ўлічваць Пасланняў, напісаных ім, то ён ніколі не называў сябе «настаўнікам». Ён казаў, што яму даручана місія навучаць, і гэта місія мае ўжо ў сабе вобраз айца.
Павел верыў, што заахвочванне і напамін з’яўляюцца неабходнымі элементамі для здаровага развіцця хрысціянскай супольнасці: «Таму малю вас: наследуйце мяне, як я наследую Хрыста» (пар. 1 Кар 4, 14–21).
Айцоўская апека Паўла праяўлялася таксама ў тым, што ён адмаўляўся ад фінансавай падтрымкі: «Не дзеці зарабляюць для бацькоў, але бацькі для дзяцей» (пар. 2 Кар 12, 14).
Варта адзначыць, што Павел прагнуў даваць не толькі Евангелле, але і самога сябе. «Але мы сталіся немаўлятамі сярод вас і, як карміліца апякуецца дзецьмі сваімі, так і мы з чуласці ад вас пажадалі перадаць вам не толькі Божае Евангелле, але і жыццё сваё, таму што вы сталі для нас умілаванымі» (пар. 1 Тэс 2, 8). Пра гэта Павел піша і ў Другім пасланні да Карынцянаў (пар. 2 Кар 12, 15). Такія блізкія адносіны сведчаць аб тым, што ён прагнуў быць з імі, прагнуў маліцца за іх і быў гатовы аддаць сябе ім без рэшты.
Руплівасць у малітве за Касцёл
Істотным элементам служэння Паўла з’яўлялася малітва. Святы Павел, як руплівы Апостал, моліцца за супольнасці і за канкрэтных асобаў (пар. 1 Тэс 3, 10). Ён моліцца, каб мець магчымасць убачыць Тэсаланікійцаў і асабіста падтрымаць іх у веры. Павел вельмі высока цэніць асабісты кантакт.
У малітвах Паўла заўважваецца пастаянны пераход ад малітвы просьбаў да малітвы праслаўлення: «Ні пра што не турбуйцеся, але ў кожнай малітве і мальбе з удзячнасцю адкрывайце вашыя просьбы Богу» (пар. Філ 4, 6).
Апостал распачынае свае Пасланні з падзякі за духоўныя дары сваіх адрасатаў. Да ўдзячнасці ён таксама далучае просьбы, каб Бог і надалей адараў людзей сваімі ласкамі. У заступніцкай малітве Павел просіць Бога аб духоўных дарах, неабходных для глыбокага пазнання Бога, а таксама аб адкрыцці на жыццё ў еднасці з Богам. «Не перастаю дзякаваць за вас Богу, успамінаючы вас у малітвах сваіх, каб Бог Пана нашага Езуса Хрыста, Айцец славы, даў вам Духа мудрасці і адкрыцця ў пазнанні Яго і прасвятліў вочы сэрца вашага, каб вы ведалі, у чым надзея паклікання Ягонага» (пар. Эф 1, 16).
Апостал моліцца аб дары любові і дары пазнання выбіраць лепшае. «Бог — мой сведка, што я люблю ўсіх вас любоўю Езуса Хрыста. І малюся за тое, каб любоў вашая яшчэ больш узрастала ў пазнанні і ва ўсякім адчуванні, каб вы пазнавалі лепшае, каб вы былі справядлівымі і беззаганнымі ў дзень Хрыста» (пар. Флп 1, 9–10). Аб сваёй няспыннай малітве Павел піша таксама ў сваім Пасланні да Каласянаў: «Мы няспынна молімся і просім, каб вы напоўніліся пазнаннем волі Божай ва ўсёй мудрасці і духоўным разуменні; каб вы паступалі годна Пана і ва ўсім падабаліся Яму» (пар. Клс 1, 9–14).
У заступніцкай малітве Павел просіць аб небяспецы для самога сябе, каб прапаведаванне было прынята, а ён мог сустрэць з боку людзей, да якіх прамаўляе, падтрымку, якая б вынікала з іх веры. У Пасланні да Рымлянаў Апостал просіць «братоў» аб малітве, каб «служэнне яго для Ерузалема падабалася святым» (пар. Рым 15, 30–32). Павел дае сведчанне, што іх малітва з’яўляецца сапраўднай падтрымкаю, а іх вера — умацаваннем у падтрымцы. У Пасланні да Каласянаў Павел просіць аб тым, каб яго служэнне было плённым: «Маліцеся таксама і за нас, каб Бог адкрыў нам дзверы для слова, каб абвяшчаць таямніцу Хрыстову» (пар. Клс 4, 3; 2 Тэс 3, 1; Клс 2, 1–2).
Аналіз постаці Паўла ў аднясенні да яго місіі, якую ён атрымаў ад Бога, з’яўляецца моцным натхненнем для веруючых. Здаецца, што гэтыя два элементы прамаўляюць дастаткова выразна. Па-першае, святы Павел цалкам адданы Хрысту і жыве ў глыбокай сувязі з Ім. Апостал пацвярджае гэта словамі: цяпер ужо не я жыву, а Хрыстус ува мне. Для Паўла важна толькі тое, каб цалкам належаць Хрысту.
Па-другое, святы Павел адданы пакліканню прапаведавання справы збаўлення на ўзор Хрыста. Ён шукае чалавека, шукае як мага больш зразумелы і пераканаўчы спосаб прапаведавання збаўлення, здзейсненага Хрыстом. Гатоўнасць Паўла цярпець і да канца прымаць усе цярпенні пацвярджае верагоднасць праўды, якую ён абвяшчаў.
Святы Павел з’яўляецца ўзорам хрысціяніна, які сваім жыццём пацвяржаў праўду, якую абвяшчаў.










