24 студзеня Каталіцкі Касцёл адзначыў успамін святога Францішка Сальскага — апекуна прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, а таксама «салодкага» доктара Касцёла, у дзень успаміну якога традыцыйна асвячаецца мёд. Гэты дзень асаблівы таксама для Таварыства святога Францішка Сальскага (салезіяне), заснаванага 26 студзеня 1854 г. святым Янам Боскам.
У мінскай парафіі Святога Яна Хрысціцеля (Серабранкаўскі дэканат), дзе працуюць салезіяне, у гэты дзень адбылася супольная святочная вячэра.
Святога Францішка Сальскака называюць «салодкім» доктарам Касцёла, бо адным з прынцыпаў яго душпастырскай дзейнасці быў прынцып добразычлівасці, які меў на ўвазе бясконцую пашану да ўсіх, нават да самых бедных і «несімпатычных», уменне першым зрабіць крок насустрач іншаму чалавеку, прымаючы яго з прыязнасцю і ўсмешкай. Святы Францішак Сальскі сваім аптымістычным гуманізмам і дасканалай адданасцю пастырскай справе натхняў святога Яна Боска.
Дэвізам святога Францішка Сальскага былі словы: «Быць усім для ўсіх». Ён імкнуўся наведваць кожнага са сваіх вернікаў, нават тых, хто жыў высока ў гарах. Гэты святы таксама вылучаўся сваёй дабрынёю і цярплівасцю ў руплівай справе навяртання. У дзень успаміну святога па традыціі асвячаецца мёд.
У мінскай парафіі Святога Яна Хрысціцела (Серабранкаўскі дэканат) гэта свята было адзначана яшчэ адным мерапрыемствам. Пасля святой Імшы ўсе парафіяне былі запрошаны пачаставацца блінамі з мёдам, якія прыгатавала моладзь. За кубкам гарбаты сабраліся прадстаўнікі розных пакаленняў.
У гэты не вельмі ласкавы зімні вечар у моладзевым цэнтры імя святога Яна Боска панавала цёплая атмасфера. Дарэчы, гэта звычайная атмасфера салезіанскай сям’і, створаная дзякуючы намаганням айцоў і сясцёр салезіянак, якія заўсёды даюць прыклад адкрытасці і добразычлівасці. Маем надзею, што гэтая смачная супольная вячэра стане яшчэ адной добрай традыцыяй у нашай парафіі.
Вольга Лабуць









Фота Ірыны Петрусевіч
Матэрыял сайта catholic.by










