Адрас: вул. Пляханава, 28 к1,
  Мінск, Рэспубліка Беларусь
☎капл +375 17 3679386
☎канц +375 17 3683856
E-mail: serebranka@sdb.by

 

 

 

 

 

Першая Кантакт Для друку

Сёння прачынацца прыйшлося раней за іншыя дні, і усё таму, што мы ехалі на салезіянскае свята, якое праходзіла далёка ад нашай школы. Паснедаўшы і паспеўшы выхапіць колькі хвілін сна у электрычцы, якая давезла нас да Мадрыда, мы адчулі сябе ўжо больш бадзёра і па-салезіянскі весяла. На свяце нас чакала, вядома, шмат радасці і весялосці: танцы, спевы і агульныя малітвы.

Пасля ўся салезіянская моладзь, узяўшы на плечы цяжкія сумкі з карыматамі, спальнымі мяшкамі і усімі неабходнымі рэчамі, накіравалася да аэрапорту, дзе павінна была адбыцца заключная Імша.

Шчыра кажучы, шлях да аэрапорту, гэта нашая апошняя пешая пілігрымка ў Мадрыдзе, быў самым цяжкім іспытам для кожнага з нас. Тэмпература паветра зашкалівала, нідзе не знойдзеш хоць маленькай цені, вакол- больш за 2 млн. чалавек, хтосьці губляе прытомнасць і падае на зямлю, да яго спяшаюцца валанцёры, каб дапамагчы, і ў цябе ў галаве толькі адна думка-галоўнае-не ўпасці, галоўнае-дайсці, бо гэта таго каштуе, і заўсёды, калі ідзеш да нейкай мэты на шляху сустракаюцца цяжкасці, якія трэба пераадольваць.

І вось, нашая мэта - аб'яднанне праз Хрыста і ніякія цяжкасці не здолелі б нас адмовіцца ад яе. Тым больш, жыхары дамоў, побач з якімі мы ішлі ў шляху да аэрапорту, зрабілі нам неацэнны падарунак-яны аблівалі нас вадой з вокнаў і з дахаў. На нас з рондаляў, са шлангаў лілася вада, якая давала моц і выклікала простую дзіцячую радасць, і якая рабіла наш шлях значна лягчэйшым. Дайшоўшы да свайго сектара, разлажыўшы свае спальныя мейсцы, мы проста, кажучы не вельмі прыгожым словам, паваліліся на свае спальнікі і адпачывалі. А нашыя мужныя юнакі на чале з кс. Аркадзіем мусілі пайсці за ежай, якую выдавалі ў другім баку аэрапорту, і толькі дзякуючы іх адвазе і мужнасці мы не засталіся галоднымі.

Падчас чакання ежы мы маглі скарыстаць цудоўную магчымасць быць аблітым вадой са шлангаў пажарнай машыны. На той момант нічога больш не было так патрэбна для стомленых нас. Падсілкаваўшыся, і ужо зусім забыўшыся на стомленасць, мы мелі яшчэ большую радасць -на гарызонце паказалася велізарная хмара - будзе дождж! Пасля такой спёкі, гэта вельмі добрая навіна. Ужо зусім радасныя,  мы накіраваліся бліжэй да экрана, каб лепш бачыць усё, што адбываецца каля алтара.


Папа правёў супольную малітву, выслухаў просьбы маладых людзей, прасіў аб малітве і запэўніў, што заўсёды памятае нас у сваіх малітвах. І, ужо калі малітва амаль падыходзіла да заканчэння, пачаўся доўгачаканы дождж, прытым моцны, і мы мусілі накіравацца да сваіх месцаў. Але праз колькі хвілін надвор'е крыху супакоілася і перад намі паўстала неапісальна прыгожая з'ява - салют для ўдзельнікаў СДМ 2011.


Адразу ж пасля яго на другім баку неба запаліўся сімвал СДМ 2011 у Мадрыдзе - карона з крыжом наверсе, што выклікала шмат радасных эмоцый. Сабраўшы ўсе успаміны і здарэнні сённяшняга дня ў адно цэлае, каб нічога не забыць, мы павінны былі адпачыць, бо дзень быў загружаны на 150%. Пажадаўшы адзін аднаму спакойнага сну, мы заснулі, як толькі галавы дакрануліся да партфеляў, якія выконвалі функцыі падушкі. Сон пад адкрытым небам, пад сотнямі тысяч зорак, якія раскідаліся па усяму небасхілу, нібы яркія ліхтарыкі, якія выпалі з кошыка і раскаціліся ў розныя бакі, гэта невыказна хвалюючы і захапляючы. І гэта сапраўды заслугоўвае быць
захаваным ва ўспамінах аб Мадрыдзе ў жніўні 2011 года.

Таццяна Ісакава

 


 

Апошнія аднаўленні

© 2006-2017 Рымска-каталіцкая парафія Св. Яна Хрысціцеля ў г. Мінску