НАВЭННА ДА СВЯТОГА ЯНА БОСКО
8 ДЗЕНЬ
ХУСТКА ЦНАТЛІВАСЦІ
У ноч з 14 на 15 чэрвеня 1861 г. кс. Боско прыснілася, што ён на шырокай раўніне, дзе ўзвышаецца цудоўны палац з вялікімі тэрасамі і раскінулася плошча. На рагу плошчы ён убачыў Даму: яна раздавала хусткі мноству хлапчукоў, што тоўпіліся вакол яе. Яны бралі па хустцы і размяшчаліся на доўгай тэрасе.
Дон Боска таксама падыйшоў да Дамы і пачуў, як яна гаворыць кожнаму, калі выдае хустку:
– Толькі не разгортвай яе, калі дзьме вецер. А калі вецер цябе заспее з разгорнутай хусткай, адразу павярніся направа, а ніяк не налева.
Раздача скончылася. Кс. Боско стаў назіраць за юнакамі, што размясціліся на тэрасе, і ўбачыў, як, адзін за адным, яны разгортваюць хусткі. Кожная хустка разгарнулася ва ўсім харастве: вельмі шырокая, расшытая золатам, са словамі, таксама вышытымі золатам: «Regina virtutum» (каралева цнотаў).
Раптам узняўся моцны вецер. Адразу ж некаторыя схавалі хусткі, другія павярнуліся направа, трэція налева.
І ўзнялася страшная бура, з дажджом, градам і снегам. А ў некаторых хусткі засталіся разгорнутымі, і град біў іх, разрываючы на часткі; тое ж самае рабіў і дождж: здавалася, у яго каплі завостраныя на канцы; такое ж дзеянне рабілі камякі снегу. У адзін момант усе гэтыя хусткі аказаліся прабітыя і страцілі сваю прыгажосць.
Кс. Боско засмуціўся і здзівіўся, тым больш што пазнаў юнакоў са свайго Араторыя. Але дадзім слова яму самому: «Тады я пайшоў туды, дзе была Дама, што раздавала хусткі. Там знаходзіліся нейкія людзі, і я спытаўся ў іх:
– Што ўсё гэта значыць?
Мне адказала Дама:
– Няўжо ты не бачыў, што напісана на хустках?
– Бачыў: «Regina virtutum» (каралева цнотаў).
– Так вось, гэтыя юнакі падставілі дабрачыннасць цнатлівасці ветру спакусаў. Некаторыя адразу збеглі – тыя, што схавалі хусткі. Другія павярнуліся направа – гэтыя ў небяспецы звяртаюцца да Пана. А іншыя засталіся з разгорнутымі хусткамі і патрапілі ў грэх.
Убачыўшы, наколькі нямногія захавалі дабрачыннасць цнатлівасці, я горка заплакаў.
– Не смуткуй, – сказала тады Дама, – падыйдзі і глядзі!
Я паглядзеў і ўбачыў, што ў тых, хто павярнуўся направа, хусткі цяпер зменшыліся ў памерах, але зацыраваны і добра сшыты.
Дама між тым дадала:
– Гэтыя юнакі мелі няшчасце страціць цудоўную дабрачыннасць, але выправіліся праз Споведзь. А іншыя не варухнуліся з месца – гэтыя працягваюць грашыць, і ім пагражае пагібель». (М. В. VI, 972).
***
Такі сон кс. Боско.
З году ў год мацнее бура, варожая той цноце, якую кс. Боско называе «анёльскай», і прывід таямнічай Дамы служыць маяком і стымулам да барацьбы.
Кс. Боско, усведамляючы, да якіх маральных страт вядзе маладых людзей разбэшчанасць, «горка заплакаў». І тут узгадваецца настойлівы заклік св. Пятра: «Ратуйцеся ад гэтага роду распуснага».
Словы кс. Боско пра юнакоў, што сталі ахвярамі юрлівасці, даюць нагоду для разваг, асабліва бацькам: «Іх хусткі прыйшлі ў такі дрэнны стан, што шкада было глядзець!»
Святы Яне Боско, больш за ўсё ты палюбіў цноту чыстасці і сведчыў пра яе прыкладам, словам і пісьмоваю спадчынаю, учыні, каб мы палюбілі яе і клапаціліся пра яе ўсімі сіламі ў нашым асяроддзі. Амэн.
Ойча наш… Вітай, Марыя... Хвала Айцу...
С.: Маліся за нас, святы Яне Боско,
Н.: Каб сталiся мы годнымi абяцанняў Хрыстовых.
Молімся: Божа, Ты паклікаў святога Яна Боско, Твайго вызнаўцу, быць айцом і настаўнікам моладзі, па Тваёй таксама волі, з дапамогаю Панны Марыі ён заснаваў у Касцёле новыя супольнасці, учыні, просім, каб мы, палаючы тым самым агнём любові, маглі здабываць душы і служыць аднаму Табе. Праз Хрыста, Пана нашага.
Н.: Амэн.










