Адрас: вул. Пляханава, 28 к1,
  Мінск, Рэспубліка Беларусь
☎капл +375 17 3679386
☎канц +375 17 3683856
E-mail: serebranka@sdb.by

 

 

 

 

 

Першая Кантакт Для друку

Сёлета члены Таварыства святога Францішка Сальскага адзначаюць юбілей — 150-годдзе з дня заснавання таварыства. У шматлікіх краінах свету, дзе нясуць служэнне ксяндзы салезіяне, у межах святкавання юбілейнага года адбываюцца разнастайныя мерапрыемсвы — канферэнцыі, сімпозіумы, сустрэчы і г.д. Значнай падзеяй для салезіянаў Беларусі стаў сімпозіум «Ксёндз Ян Боска — учора, сёння і заўтра», які распачаўся 20 лістапада 2009 г. пры мінскай парафіі Святога Яна Хрысціцеля.На сімпозіуме, які будзе працягвацца да 21 лістапада, сабраліся ксяндзы салезіяне, якія працуюць у розных дыяцэзіях Беларусі, а таксама з Украіны, Польшчы, Германіі, Італіі.

Напачатку кс. Віктар Гайдукевіч SDB, дырэктар салезіянскай супольнасці ў Мінску, прывітаў усіх прысутных і прадставіў дакладчыкаў. «Святы Ян Боска — святар, таленавіты суразмоўца з палітычымі дзеячамі, заснавальнік салезіянскага таварыства, сябра маладых людзей, чалавек мас-медый. Усё гэта толькі некаторыя якасці яго асобы. Мы цешымся, што сёння можам прывітаць прадстаўнікоў усіх гэтых сфер, з якімі перасякалася дзейнасць нашага заснавальніка», — адзначыў прамоўца.

Прывітальнае слова кс. Віктара Гайдукевіча >>>

З Рыма ў адрас удзельнікаў сімпозіума скіраваў сваё благаслаўленне і ліст Генеральны настаяцель Таварыства святога Францішка Сальскага Дон Паскуаль Чавэс, дзевяты намеснік заснавальніка таварыства. «Ксяндза Боска ўчора, сёння і заўтра трэба шукаць у духоўным, апостальскім і педагагічным вопыце, які ён перажываў у Вальдокка. Трэба шукаць яго ў салезіянскіх канстытуцыях, якія з’яўляюцца жыццёвым праектам і былі рэалізаваны ў жыцці шматлікіх асобаў», — адзначыў у лісце Генеральны настаяцель.

Да ўдзельнікаў сімпозіума з прывітальным словам таксама звярнуўся Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які ў сваім служэнні робіць вялікі акцэнт на працу з моладдзю і называе яе «будучыняй Касцёла». «Атрымаўшы ад Бога вялікі дар і харызму выхавацеля, святы Ян Боска прысвяціў сябе гэтай цяжкай, але вельмі адказнай і неабходнай місіі — выхаванню маладых. Яго унікальная папераджальная педагагічная сістэма абапіраецца на розуме, рэлігіі і выхаваўчай любові», — нагадаў арцыпастыр і выказаў надзею, што дадзены сімпозіум дапаможа яшчэ больш ацаніць уклад заснавальніка салезіянскага таварыства ў выхаваўчую сістэму.

Прывітальнае слова Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча >>>

Як падкрэсліў у звароце да ўдзельнікаў сімпозіума Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў у Беларусі Архімандрыт Сяргей Гаек, «св. Ян Боска прысутны сёння і будзе прысутны заўтра ў грамадствах розных краін свету праз служэнне яго паслядоўнікаў».

З першым дакладам на тэму «Дзейнасць салезіянаў на ўсходніх землях у часы Савецкага Саюза і ў сённяшні час» выступіў кс. Аўгустын Дзендзель, віцэ-інспектар Усходняй салезіянскай акругі (Масква, Расія). Дакладчык акрамя прадстаўлення статыстычных даных па дадзенай тэме падзяліўся і ўласнымі ўспамінамі, звязанымі з тым часам. Па словах кс. Аўгустына, да пачатку 90-х гг. вялікую дапамогу настаяцелям парафій у Беларусі, Украіне і Літве аказвалі салезіяне з Польшчы. «Ужо тады мы клапаціліся аб новых пакліканнях. Тых, хто жадаў прысвяціць сябе служэнню Касцёлу і людзям у духу святога Яна Боска, мы накіроўвалі ў Рыжскую дыяцэзіяльную семінарыю, дзе стараліся забяспечыць ім манаскую і салезіянскую фармацыю. Некаторыя з гэтых семінарыстаў сёння нясуць служэнне ў салезіянскіх парафіях на сваіх радзімах. Трое з іх сталі дыяцэзіяльнымі святарамі і сёння працуюць у розных дыяцэзіях Беларусі», — прыгадаў віцэ-інспектар Усходняй салезіянскай акругі. Між іншым, кс. Дзендзель адзначыў, што першы салезіянскі дом у Расіі быў закладзены дзякуючы ініцыятыве арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які ў 1991 г. звярнуўся да Генеральнага настаяцеля таварыства салезіянаў з просьбай накіраваць з Беларусі ў Расію кс. Юзафа Занеўскага SDB.

З другім дакладам выступіў кс. Станіслаў Зімняк SDB (Рым, Італія), прафесар салезіянскай духоўнасці, кансультант Аддзела па справах святых салезіянскай сям’і. «Салезіянская духоўнасць і выхаваўчая сістэма ксяндза Боска» — такую тэму прапанаваў прысутным выступоўца. Па словах кс. Зімняка, «дзейнасць святога Дона Боска з’яўляецца часткаю культурнай спадчыны Касцёла». Імя заснавальніка таварыства салезіянаў непарыўна звязана з папераджальнай педагагічнай сістэмай, якою святы кіраваўся ў выхаванні юнакоў свайго часу. Святы Ян Боска заўсёды думаў пра вечнасць сваіх выхаванцаў, таму ніколі не ставіў жыццё на зямлі вышэй за жыццё вечнае.

Прапануем таксама вашай увазе: Фотаздымкі з мерапрыемства >>>

© 2006-2017 Рымска-каталіцкая парафія Св. Яна Хрысціцеля ў г. Мінску