Калядны канцэрт музычнага гурта "Небасхіл"
- Катэгорыя: "Небасхіл"
Добрай традыцыяй нашай парафіі сталі канцэрты гурта «Небасхіл» з нагоды Свята Божага Нараджэння. Ужо пяты год запар гучалі 6 студзеня у моладзевым цэнтры Святога Яна Боска і вядомыя калядкі, і новыя спевы. Дарэчы, некаторыя з новых спеваў былі напісаныя бас-гітарыстам і ўдарнікам гурта. Здалося, што яны спадабаліся не менш, чым ужо вядомыя. Упершыню гурт парадаваў слухачоў і знакамітымі “навагоднімі” спевамі, якія адусюль гучаць у пераднавагодні час.Прыемна, што нягледзячы на тое, што у гэтым годзе дата канцэрта выпала на будні працоўны дзень, моладзевы цэнтр быў поўны, а слухачы былі розныя – і моладзь, і людзі паважанага ўзросту, і дзеці, якія так смешна скакалі і танцавалі перад выканаўцамі.
Увогуле канцэрты, прысвечаныя Святу Божага Нараджэння заўсёды адметныя сваёй цеплынёй, добрым настроем, вяселлем і радасцю – бо сам Бог прыходзіць да людзей, прытуляецца да сэрцаў, каб аднавіць іх. Удзельнікі гурта спадзяюцца, што і гэты вечар паспрыяў незаўважнаму набліжэнню нашых душаў да Бога.










