З благаславення Пана Бога і за безупыннай дапамогай салезіянскай супольнасці ў ліпені 2006 года выйшаў наш дэбютны альбом “Ты сэрца сваё давярай Мне...”
Музыка, якую вы чуеце на гэтым альбоме, мае эстрадны характар – ёсць і павольныя, і рухавыя кампізіцыі, баладныя і рокавыя. І галоўнае, на што мы спадзяёмся, – гэта што нашыя спевы дапамогуць душы чалавека датыкнуцца да Бога, знайсці Яго, размаўляць з Ім. Спрабуем данесці спрадвечную радасную вестку пра Божую Любоў і міласэрнасць, падтрымаць згубленага чалавека, а таксама выказаць нашае спадзяванне на Бога, усхваляць Яго цуды.
Дарэчы, у запісе альбому прымалі ўдзел і ксяндзы Ігар і Аляксандр, якія працуюць у нашай парафіі, – у іх выкананніі гучыць bonus track альбому, спеў “Panis Angelicus”.
Гурт выступае як у сваёй парафіі, так і ў іншых каталіцкіх парафіях Беларусі, але мы таксама з радасцю адгукаемся і на запрашэнні іншых хрысціянскіх супольнасцей.
У нашым рэпертуары існуе многа больш кампазіцый, чым можна пачуць на дыску. Многiя тэксты і музыка створаны намі, некаторыя спевы падараваныя нашымі сябрамі, некаторыя ўзяты з каталіцкіх зборнікаў.
Заўсёды вельмі шчыра запрашаем усіх на нашыя канцэрты, каб разам радавацца падараванаму жыццю і праслаўляць Бога за Ягоныя ласкі.










