Лагер для дзяцей праводзіўся з 27 па 31 кастрычніка ў мінскім араторыі імя св.Яна Боско. Напрацягу пяці дзён дзеткі разам з с. Люцыяй Бальцэвіч FMA, кс. Паўлам Шчарбіцкім SDB, аніматармі і памочнікамі аніматараў бліжэй знаёміліся з Бібліяй, дакладней – са Старым Запаветам.
“Падарожжа па старонках Бібліі” – менавіта так гучала тэма лагера. А здзяйсняць падарожжа ўдзельнікам дапамагаў мультфільм, у якім зразумела для дзетак распавядалася пра стварэнне Свету, першародны грэх, Каіна і Абеля, Ноеў каўчэг і Бабілонскую вежу. Пасля прагляду мультфільма дзеткі ў працы ў групах глыбей разважалі над біблейскімі сюжэтамі, суадносячы іх з жыццём.
Праграма канікул, акрамя працы ў групах, уключала ў сябе штодзённую св.Імшу, Вяночак да Божай Міласэрнасці і гульні.
Напрыканцы апошняга дня лагера ўдзельнікаў чакала падсумаванне пройдзенных тэм, у выніку якога дзеткі згадзіліся з думкай, што Бог з’яўляецца найлепшым сябрам для кожнага, а да сапраўднага сябра хочацца звяртацца як мага часцей. Таму нельга забывацца пра тое, што Бог чакае нас не толькі ў нядзелю, але заўсёды.
Скончыліся канікулы салодкім сталом, падрыхтаваным самімі ўдзельнікамі.
Канікулы для дзетак – адна з акцый, якія праводзяцца ў нашым араторыі. Таму запрашаем вас сачыць за інфармацыяй на сайтах www.sdb.by; www.serebranka.sdb.by; і ў нашай групе “В контакте”.











