Падчас чацвёртага дня ўдзельнікі лагера разважалі над тым, што кожнаму чалавеку неабходна быць адважным. Бо, калі мы, напрыклад, не пасаромеемся і з адвагай зробім заўвагу чалавеку, які сябе дрэнна паводзіць, мы зможам яму дапамагчы перагледзець свае паводзіны. Адвага таксама неабходна ў вызнаванні нашай веры.
У казанні кс.Павел Шчарбіцкі SDD адзначыў, што вельмі часта мы адважныя ў сэрцы, а калі жыццёвыя абставіны патрабуюць адвагі ў канкрэтным учынку, часам мы пачынаем саромецца. І ў такім выпадку вельмі важна браць прыклад са св.Дамініка Савіо, які не баяўся, што пра яго падумаюць іншыя, і заўсёды паступаў так, як яму падказвала сэрца.
Пасля працы па групах, падчас якой дзеткі са сваімі капітанамі стваралі сімвал адвагі, нас чакалі водныя гульні, якія былі вельмі актуальнымі ў спякотны дзень!
Такім быў наш чацвёрты крок на шляху да неба разам са св.Дамінікам Савіо. А заўтра нас чакае новы дзень і новыя прыгоды ў нашым падарожжы.
Таццяна Ісакава











