![]()
14 ліпеня ў араторыі імя св.Яна Боско пры нашай парафіі распачаліся канікулы з Богам для дзетак ад 6 да 14 год. Сёлета падчас канікул юныя вернікі разглядаюць прыклад св.Дамініка Савіо; "Да неба разам са св.Дамінікам Савіо" - так гучыць дэвіз лагера.
У першы дзень двухтыднёвых аратарыйных канікул шмат увагі было нададзена на знаёмства са св.Дамінікам, а таксама на асабістае знаёмства ўдзельнікаў лагера паміж сабой.
Распачаўся дзень са св.Імшы, падчас якой кс.Аляксандр Мятліцкі SDB разам з маленькімі вернікамі прыпамінаў словы Евангелля, якія Бог накіроўваў да нас у нядзелю. Разважанне пра сейбіта, які ўкінуў зерне ў розную глебу, падводзіла дзетак да тэмы дня - "Мае канікулы - жніво Пана". Дарэчы, сёння кожны атрымаў зерне, якое неабходна пасадзіць дома ў глебу і паспрабаваць стварыць добрыя ўмовы дзеля таго, каб яно прарасло.
Пасля прэзентацыі пра пятнадцаццігадовага Дамініка Савіо, які стаў святым, дзеткі зрабілі з паперы птушак, якіх пасля далучылі да аблокаў, на якіх былі напісаны назвы каманд і іх дэвізы.
Пасля духоўных момантаў і працы па групах дзяцей чакалі актыўныя гульні і, канешне ж, падсілак. Увечары кожны мог абраць сабе адзін з пяці гурткоў, у якім будзе займацца на працягу ўсяго лагера.
Кожны чалавек з'яўляецца зернем, якое можа прарасці і даць добры плён, а можа загінуць, упаўшы на камяні. І менавіта ад кожнага з нас залежыць, як мы будзем клапаціцца пра сваю душу - няспынна развівацца і дапамагаць іншым добрым прыкладам, ці занядбоўваць усе дары, якія дае нам Бог. З такімі думкамі дзеці разыйшліся па дамах, каб добра адпачыць і заўтра працягнуць свой шлях да неба разам са св.Дамінікам Савіо.
Таццяна Ісакава











