Да заканчэння вучэбнага года засталося ужо не так шмат часу, вялікая колькасць школьнікаў, дзетак і моладзі з вялікай ахвотай чакаюць летняга адпачынку, сонечных і цёплых дзён. Канікулы – вось гэтае чароўнае слова, якое нікога не застаўляе абыякавым. Вясновыя канікулы – гэта таксама прыемная магчымасць адпачыць перад апошняй чвэрцю, набрацца сіл, каб належным чынам выканаць свае абавязкі і пасля, скончыўшы чарговы вучэбны год, адправіцца на летні адпачынак.
Каб добра і з Богам правесці час адпачынку, у нашым араторыі імя св.Яна Боско пры парафіі св.Яна Хрысціцеля на працягу ўсяго тыдня былі арганізаваны Восеньскія канікулы для дзяцей. “Давід – Божы выбраннік” – менавіта над гэтай тэмай на працягу лагера разважалі дзеткі разам з с.Люцыяй, аніматарамі і памочнікамі аніматараў.
Кожны дзень дзеці ўдзельнічалі ў св.Імшы, таксама усе разам маліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці. А ў астатнім адзін дзень быў не падобны на іншы. Каб упоўні пазнаць гісторыю Цара Давіда, на кожны дзень быў прыгатаваны відэаматэрыял – урывак з мультфільму,пасля прагляду якога дзяцей чакалі цікавыя заданні. Праз тэатральныя пастаноўкі кожны змог адчуць сябе пастухом, як маленькі Давід, які ў дзяцінстве пасвіў авечак. Праглядзеўшы наступныя часткі мультфільма пра Давіда, які пасля стаў абаронцам і ваяром, нашыя маленькія сябры актыўна прымалі ўдзел у працах па групах. Вынікам прац па групах стала віктарына, у якой каманды рыхтавалі пытанні для сваіх сапернікаў, старанна адказвалі на іх, зараблялі балы і разважалі над тым, як просты чалавек, з добрым і пакорным сэрцам, які вельмі любіць Бога, змог стаць вялікім Царом! Выбраннікам Божым!
Таксама, на працягу гэтых дзён, дзеці развівалі камандны дух, гуляючы ў розныя цікавыя спартыўныя гульні, вучыліся быць адказнымі адзін за аднаго: дарослыя старанна дапамагалі малодшым дзеткам. Праз сумесныя танцы – дарылі адзін аднаму ўсмешкі і добры настрой. А ў адзін з дзён усе ўдзельнікі восеньскага лагеру пабывалі у імправізаванай Францыі, дзе мелі магчымасць згуляць у “Французскую гульню”.
Усе 5 дзён былі старанна падрыхтаваныя, праграма была вельмі насычаная і цікавая, таму час праляцеў вельмі хутка. Хлопчыкі і дзяўчынкі з вялікай неахвотай развітваліся і адыходзілі да дому. Дзеці з нецярпеннем чакаюць летняга адпачынку, каб сустрэцца зноў, і не толькі адпачыць і добра правесці час, але праз Св. Імшу і размовы быць бліжэй да Езуса – лепшага Сябра дзяцей. І таксама пазнаць яшчэ адну новую і цікавую гісторыю пра нейкую асобу, якая была даспадобы Богу і з якой можам браць прыклад жыцця.
Артыкул падрыхтавала Юлія Звярынская











