Працягваючы традыцыю аплатковых сустрэч, 28 снежня 2010 г. у парафіі Святога Яна Хрысціцеля арцыбіскуп Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся з дзецьмі горада Мінска. Дзіцячы Араторый
Мітрапаліт падзяліўся аплаткай і патанцаваў разам з дзецьмі Мінска
- Катэгорыя: Дзіцячы Араторый
Працягваючы традыцыю аплатковых сустрэч, 28 снежня 2010 г. у парафіі Святога Яна Хрысціцеля арцыбіскуп Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся з дзецьмі горада Мінска. Сустрэча распачалася святой Імшой, у якой арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў сімвалічнасць гэтай сустрэчы менавіта ў дзень 28 снежня, калі ўзгадваем святых немаўлят з Бэтлеема.
Мітрапаліт расказаў таксама гісторыю пра тое, як у адной краіне ў касцёле перад «пастэркай» знікла фігурка маленькага Езуса. Праз некаторы час па сярэдзіне касцёла з’явілася вельмі радасная дзяўчынка з каляскай, у якой ляжала фігурка Дзіцятка Езуса. Калі ў яе спыталі, чаму яна так зрабіла, яна вельмі сур’ёзна патлумачыла, што прасіла ў Бога, каб ёй падаравалі каляску. Калі б так сталася, яна паабяцала, што першым пасажырам у яе калясцы будзе Езус. Выказваючы свае віншаванні, арцыбіскуп пажадаў дзецям, каб зрабілі Езусу найлепшы і найкаштоўнейшы падарунак — былі паслухмянымі і старанна выконвалі свае абавязкі.
Пасля святой Імшы ксёндз пробашч Ігар Лашук SDB запрасіў усіх на працяг сустрэчы ў Моладзевы цэнтр імя святога Яна Боска. Тут, дзякуючы цікавым гульням, танцам, прысутныя і весела правялі час.
Выслухаўшы словы Святога Евангелля, усе ўдзельнікі мелі магчымасць паламацца аплаткай з Мітрапалітам і выказаць словы віншавання. А напрыканцы сустрэчы ўсе дзеці атрымалі салодкія пачастункі.
Дар’я Еўтухоўская
Матэрыял сайта Catholic.by











