5 снежня 2010 г. у Моладзевым цэнтры імя святога Яна Боска, што дзейнічае пры парафіі Святога Яна Хрысціцеля (Мінск), адбылося свята для дзяцей, іх бацькоў і моладзі, якія прыйшлі на сустрэчу са святым Мікалаем. Дзіцячы Араторый
У Дзіцячы Араторый завітаў святы Мікалай!
- Катэгорыя: Дзіцячы Араторый
5 снежня 2010 г. у Моладзевым цэнтры імя святога Яна Боска, што дзейнічае пры парафіі Святога Яна Хрысціцеля (Мінск), адбылося свята для дзяцей, іх бацькоў і моладзі, якія прыйшлі на сустрэчу са святым Мікалаем. Для дзяцей святкаванне распачалося святой Імшой а 12 гадзіне. Падчас гаміліі кс. Аляксандр Яшэўскі SDB распавёў дзецям невялікую гісторыю пра святога Мікалая, а таксама заахвоціў, каб і яны былі для кагосьці святым Мікалаем і не забыліся падараваць падарункі тым, хто іх не мае.
У араторыі на прыход святога Мікалая была падрыхтавана цікавая праграма. Анёл распавядаў пра святога Мікалая і пытаўся: ці пісалі дзеці пісьмо і запрашэнне святому Мікалаю. Пачуўшы гучны адказ «Не», сняжынкі хутка прынеслі паперу, і ўсе малодшыя ўдзельнікі свята пачалі пісаць (а хто і маляваць) да святога Мікалая ліст з запрашэннем. Адразу ж з’явіўся паштальён Печкін, які за невялікую аплату згадзіўся даслаць гэты ліст да святога.
Дзеці гулялі ў снежкі і разам ляпілі снежны ком. Ведаеце, калі заплюшчыш вочы і аб чымсьці папросіш, то адбываецца цуд. Уявіце сабе, у араторыі таксама стаўся цуд. У той час, калі дзеці заплюшчылі вочы, снежны ком ператварыўся ў прыгожых снегавікоў. Снегавікі з вялікім задавальненнем прынялі ўдзел у гульнях: спрабавалі замарозіць дзяцей, а потым вадзілі разам карагоды, трымаючы адзін аднаго за вуха, за пятку, за нос і г.д.
Гучнымі забавамі абудзілі мядзведзя, але і ён узрадаваўся, бо таксама чакаў сустрэчы са святым Мікалаем. Мядзведзь далучыўся да гульні, а на звонкія галасы дзяцей прыбеглі і гномы.
Усё б нічога, калі б нечакана не з’явіўся Печкін, які так і не змог перадаць лісты святому Мікалаю. І вось тут, у нашым араторыі, ён яго і знайшоў.
Святы Мікалай з’явіўся нечакана, але быў вельмі ўзрадаваны, што дзеці напісалі яму лісты з запрашэннем. Дзеці паказалі Мікалаю, як умеюць гуляць і прыгожа танцаваць. Напрыканцы свята, зрабіўшы агульны фотаздымак, кожны ўдзельнік атрымаў ад Мікалая падарунак.
Развітаўшыся, святы Мікалай паабяцаў прыйсці ў наступным годзе зноў на сустрэчу і нагадаў, каб дзеці не забыліся выслаць яму запрашэнне.
Увечары, а 19 гадзіне, святы Мікалай завітаў і да моладзі. Маладыя людзі таксама рыхтаваліся да сустрэчы і прымалі актыўны ўдзел у прадстаўленай праграме. Святы Мікалай загадваў загадкі, жартаваў, спяваў і разам са сваімі зорачкамі і анёламі падараваў усім удзельнікам падарункі.
Шчыры дзякуй ксяндзам салезіянам і сёстрам салезіянкам, а таксама ўсім арганізатарам і ўдзельнікам свята.
Матэрыял сайта Catholic.by











