11 лістапада 2008 г. у мінскай парафіі Святога Яна Хрысціцеля адбылася сустрэча святароў і сясцёр законных Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. «Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту ў жыцці пакліканых да святарскага і манаскага служэння» — такою была тэма канферэнцыі, якую прамовіў дзекан Магілёўскага дэканату ксёндз Раман Факсінскі.
Удзельнікі Дня духоўных сустрэч, у межах пастаяннай фармацыі, пазнаёміліся з дакладам «Прыгажосць і дакладнасць пры цэлебрацыі Літургіі ў святле сучаснага навучання Касцёла», які прамовіў кс. д-р Ян Крэміс. Між іншым было адзначана, што цэлебрант, жадаючы быць у лучнасці з Касцёлам, павінен цэлебраваць Літургію так, як гэта ўстаноўлена кампетэнтнай касцёльнай уладай.
Пасля малітоўнай часткі праграмы дня духоўных сустрэч адбылася традыцыйная арганізацыйная сустрэча Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча з духавенствам.
Арцыбіскуп падкрэсліў, што ў перыяд Адвэнту — радаснага чакання Пана — варта арганізаваць у парафіях рэкалекцыі, якія дапамогуць вернікам падрыхтавацца да свята Божага Нараджэння. Своеасаблівай формай катэхізацыі, па словах Мітрапаліта, з’яўляецца ўдзел дзяцей і моладзі ў тэатральных пастаноўках, прысвечаных гэтаму радаснаму святу.
Арцыбіскуп таксама ўнёс прапанову ўвесці ў практыку калядныя сустрэчы з рознымі групамі вернікаў (вучоныя, медыкі, дзеячы культуры і мастацтва і інш.) у сваіх парафіях, пры гэтым падкрэсліў вялікае значэнне калядных сустрэч з сем’ямі.
Мітрапаліт паведаміў, што сёлета тэлевізійная трансляцыя ўрачыстай цэлебрацыі святой Літургіі на Божае Нараджэнне будзе адбывацца з Магілёўскай катэдры.
У гэты дзень таксама адбылося першае пасяджэнне Святарскай рады, арганізаванай Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам. Галоўная функцыя членаў Святарскай рады — дапамагаць біскупу ў рэалізацыі запланаваных справаў.
Наступны дзень духоўных сустрэч святароў і законных сясцёр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбудзецца 18 снежня ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены.
Матэрыял сайта catholic.by
Глядзіце таксама: Фотаздымкі з сустрэчы.










