Калядная сустрэча абп. Тадэвуша Кандрусевіча з дзецьмі ўсіх парафій г. Мінска і іншых куткоў Беларусі адбылася сёння, 27 снежня 2014 года, у мінскай парафіі св. Яна Хрысціцеля. Сустрэча пачалася Св. Імшой а 11.00, якую узначаліў Яго Эксцеленцыя. Працягам свята стала выхаваўча-забаўляльная праграма, арганізаваная салезіянскай сям’ёй і аніматармі ў араторыі імя св. Яна Боска. Падчас яе ўсе прысутныя паламаліся аплаткай, жадаючы адзін аднаму неабходных Божых ласкаў.
У гаміліі наш шаноўны арцыпастыр звярнуў увагу сабраных на постаць апостала Яна, аўтара чацвёртага Евангелля, Кнігі Апакаліпсіса, і двух пасланняў. Гэты вучань быў сведкам большасці падзей, цудаў і перажыванняў Езуса Хрыста і адзіны вучань, які не пакінуў свайго Настаўніка ў хвіліну смерці на крыжы. Ён, як ніхто іншы, прадставіў Боскасць Езуса Хрыста. Гэты любы вучань адчуў і засведчыў іншым: “Бог ёсць Любоў”. Сімвалам гэтага евангеліста з’яўляецца арол. Птушка, якая адна з нямногіх можа глядзець вачыма прама на сонца. Ян – той вучань, які мог глядзець на Хрыста. Арцыбіскуп запрасіў усіх вернікаў таксама вучыцца глядзець на Хрыста – наша Сонца, а гэта значыць, вучыцца жыць паводле Божага права. Мітрапаліт звярнуўся і да дзяцей, заахвоціўшы іх да малітвы. Калі хто хоча атрымаць падарунак ад Бога, няхай моліцца і просіць аб неабходным дары.
Таму пасля Святой Імшы, памаліўшыся аб падарунках, кожнае дзіця атрымала іх ў араторыі – добрыя пажаданні адзін ад аднаго на ламанні аплаткай, гульні і танцы ад аніматараў і салодкія прысмакі ад мудрацоў з Усходу.
Салезіяне адказныя за гэтую сустрэчу ўжо некалькі год. Таму мы маем магчымасць назіраць і радавацца, як кожны год збіраюцца дзеці з розных парафій. Радуемся, што расце колькасць дзяцей, бацькі якіх адказна падыходзяць да перадачы веры сваім нашчадкам, да іх духоўнага выхавання і ўсведамлення прыналежнасці да Сусветнага Касцёла.
Заклікаем таксама і іншыя маладыя сем’і ўспомніць абяцанні, дадзеныя падчас хросту сваіх дзяцей, і больш адказна падыходзіць да рэлігійнага выхавання маленькіх хрысціянаў. Для гэтага можам прапанаваць вам шмат інструментаў: катэхэзы на працягу года для дзяцей і падлеткаў розных узростаў, “Вакацыі з Богам”, якія адбываюцца падчас усіх школьных канікул у нашым араторыі, вось такія аплатковыя спатканні і шмат іншага.
Бліжэйшыя “Вакацыі з Богам” для дзяцей школьнага ўзросту адбудуцца з 5 па 10 студзеня ў араторыі імя св. Яна Боска па адрасу: вул. Пляханава, 28/1. Падрабязнасці і запіс па тэлефону +375 33 665 8256 – с. Тэрэса Сальнічак FMA.
Ірына Петрусевіч











