
29 лістапада 2014 года ў мінскім араторыі імя св. Яна Боска адбылося свята “Андрэйкі”. Гэтае свята традыцыйна гаворыць аб тым, што на наступны дзень распачынаецца Адвэнт – асаблівы перыяд радаснага чакання прыйсця Збаўцы.
У мінскім араторыі падрыхтоўкай свята займаліся салезіяне-супрацоўнікі. Вясёлы вечар стаў часткай праграмы фармацыі салезіянскіх аніматараў з усёй Беларусі, якая праходзіла 29-30 лістапада 2014 года ў Мінску пад кіраўніцтвам Салезіянаў Ксяндза Боска і Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў. Таму на вечары было шмат аніматараў і кандыдатаў у аніматары з Мінску, Бараўлянаў, Смаргоні і Дзятлава, а таксама радасна было бачыць іншых маладых людзей, якія прынялі запрашэнне на гэты вечар.
Лозунгам свята сталі словы “Не праспі!”. Не праспі сустрэчу з Хрыстом, абудзі сваё сэрца, сярод штодзённай мітусні, шматлікіх абавязкаў і безупыннай занятасці аддай перавагу падрыхтоўцы свайго сэрца для сустрэчы са Збаўцам!
Вечар быў насычаны разнастайнымі гульнямі і танцамі, асвечаны супольнай малітвай, спынены на момант разважаннем над традыцыйным салезіянскім слоўкам на спакойную ноч і падсалоджаны прысмакамі на святочным стале. Дадому маладыя людзі пайшлі, атрымаўшы пасілак для душы і цела і Божае благаслаўленне. А аніматары засталіся ў араторыі, каб працягнуць разважанні над сваім пакліканнем у харызме св. Яна Боска.
Ірына Петрусевіч, салезіянка супрацоўніца
Матэрыял сайта www.sdb.by










