
23 лістапада ўвесь Касцёл адзначае вялікую ўрачысасць – Хрыста Валадара Сусвету. Гэта урачыстасць нагадвае нам пра царскую годнасць Хрыста, Сына Божага і Збавіцеля, ёю заканчваецца Літургічны год і падчас яе мы падводзім вынікі пражытага года.
Менавіта таму вернікі парафіі св. Яна Хрысціцеля сабраліся на св.Імшы, каб разам адзначыць гэтае свята. Падчас св.Імшы вернікі прынеслі да алтара дары – сімвал плёнаў, якія яны атрымоўвалі ад Пана на працягу года.
Працяг урачыстасці праходзіў у Каталіцкім Моладзевым Араторыі ім. св. Яна Боско. Назва свята атрымалась вельмі гучнай і нават рыфмаванай: “Хрыстус Валадар – хаты Гаспадар!”. Камандамі памочнікаў аніматараў, аніматараў, салезіянаў супрацоўнікаў, суполкамі “Адкрытыя сэрцы” і “Маладыя сем’і” ў чарговы раз была падрыхтавава вельмі цікавая забаўляльная праграма, у якой маглі прыняць удзел як маленькія дзеткі і іх бацькі, так і бабулі і дзядулі. Усе разам весяліліся, танцавалі, гулялі, спрабавалі смачныя прысмакі, радаваліся, бо ў доме Хрыста няма месца для смутку.
Было вельмі прыемна, што на Урачыстасць Хрыста Валадара Сусвету прыйшлі вернікі розных узростаў, бо ўсё свята было прасякнута атмасферай сямейнай утульнасці і цеплыны. Спадзяёмся, што ўспамін пра гэты дзень застанецца не толькі на агульным фотаздымку, але і ў памяці кожнага ўдзельніка.
Вольга Перадкова










