Урачыстасць св.Яна Хрысціцеля адбылася ў нашай парафіі
- Катэгорыя: Навіны
22 чэрвеня 2014 года ў мінскай парафіі св. Яна Хрысціцеля адбыўся фэст. Святкавалі тут урачыстасць яе апекуна і заступніка - св. Яна Хрысціцеля. Свята распачалося ўрачыстай Св. Імшой, якую канцэлебравалі кс. Аляксандр Мятліцкі SDB – пробашч парафіі, і кс. Павел Шчарбіцкі SDB. За пабожны ўдзел ў Св. Імшы, пры выкананні адпаведных умоў, вернікі мелі магчымасць атрымаць адпуст.
"Ці не саромеецеся вы сваёй веры?" - спытаўся падчас казання кс. Аляксандр. Святар распавёў пра прыклад сапраўднага хрысціяніна - св. Яна Хрысціцеля і заклікаў парафіянаў быць мужнымі вызнаўцамі Хрыста і гатовымі аддаць жыццё за Яго.
Працягвалася святкаванне ў Моладзевым цэнтры імя св. Яна Боско. Тут усіх чакалі вясёлыя гульні, танцы, сюрпрызы і прысмакі, падрыхтаваныя аніматарамі, салезіянамі супрацоўнікамі, суполкамі “Адкрытыя сэрцы”, “СМС” (Суполка маладых сем’яў) і ўсёй парафіяльнай супольнасцю. Пасля супольнай малітвы дзеці, моладзь і нават старэйшыя парафіяне паспрабавалі свае сілы ў розных конкурсах: “Логіка”, “Бой падушкамі”, “Хвасты” і іншых. За ўдзел ва ўсіх конкусах яны мелі магчымасць артымаць латарэйны білет. Галоўным прызам латарэі было месца ў аўтобуснай пілігрымцы ў Будслаў.
Супольная падрыхтоўка да ўрачыстасці, супольная сутрэча з Хрыстом вакол алтара і вясёлая праграма зрабілі сваю справу – узбагачана вера, створаны добры настрой і падмацаваны сямейны дух парафіі.
Салезіянскі аніматар Вольга Перадкова, салезіянка супрацоўніца Ірына Петрусевіч










