28 снежня 2013 года наша парафія прымала дзяцей з розных куткоў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Яны прыехалі на сустрэчу з нашым архіпастырам, каб падзяліцца з ім і адно з адным аплаткай. Гэтыя аплатковыя сустрэчы ўжо даўно сталі традыцыяй, і дзяцей з кожным годам прыязджае ўсё больш. Мы рады прымаць такіх гасцей у нашай парафіі, разам маліцца з імі на св. Імшы, рыхтаваць для іх выхаваўча-забаўляльную праграму ў моладзевым цэнтры імя св. Яна Боско.
Распачалася сустрэча св. Імшой а 11.00, на якой арцыбіскпуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся да дзяцей з пастырскім словам і заклікаў навучыцца дзяліцца любоўю.
Пасля св. Імшы ўсе прысутныя: дзеці, іх бацькі, святары і сёстры на чале з Мітрапалітам – накіраваліся ў моладзевы центр, дзе яны дзяліліся аплаткай адно з адным. Многія з меншых былі на такой сустрэчы ўпершыню, таму іх старэйшыя і больш вопытныя сябры вучылі маленькіх гэтай традыцыі дзялення аплаткай, дзялення любоўю.
Праграма сустрэчы была таксама ўзбагачана бансамі і тэматычнымі гульнямі, якія дапамаглі разважаць над тэматыкай дзялення сабой з іншымі. З упэўненасцю можна сказаць, што дзеці ўмеюць дзяліцца сваёй шчырай усмешкай і шчырымі слязамі, а гэтаму ўжо вучымся ад іх мы – дарослыя.
Ірына Петрусевіч, ASC










