21-22 снежня ў каталіцкім моладзевым цэнтры імя св. Яна Боско ў Мінску ў чарговы раз адбыліся рэкалекцыі “Разважанні аб добрай смерці” (РДС) для моладзі. На гэты раз сустрэча датычылася маладых людзей 8-11 класаў. Для іх гэта была першая такая сустрэча – пачатак яшчэ больш паглыбленага даследвання свайго сэрца, адносін з Богам, з бліжнім, з самім сабой.
РДС – гэта духоўныя практыкаванні, якія распачаў яшчэ св. Ян Боско, калі працаваў з пакінутай і патрабуючай моладдзю ў Турыне (Італія). Сустрэчы праходзілі прыкладна раз у месяц. З дапамогай іх ксёндз Боско меў магчымасць даглядаць за душамі сваіх выхаванкаў, каб дапамагаць ім узрастаць у добрым і імкнуцца да святасці.
Тэма РДС для сучаснай моладзі, як і раіў ксёндз Боско, была цесна звязана з жыццём. На гэты раз мы закранулі пытанні ўмення сучаснай моладзі размаўляць, быць шчырымі, паважаць адзін аднаго, не скрывацца пад маскай “усё Оk”, “норм” і г.д., але адкрыта і канкрэтна гаварыць аб сваіх пачуццях.
Моладзь на асабістым прыкладзе ўпэўнілася, што праблема адносін вельмі актуальная. І каб дапамагчы развівацца ў напрамку паляпшэння ўсе разам мы акрэслілі для сябе такія дапаможныя інструменты як: шчырасць, канкрэтнасць у словах, ўважлівасць і павага да таго, хто ў дадзены момант дзеліцца сваімі думкамі з іншымі (позірк накіраваны на таго, хто гаворыць, міміка, поза слухача і інш.)
Таксама напрыканцы сустрэчы маладыя людзі задумаліся над канкрэтным добрым учынкам, накіраваным да канкрэтнага чалавека з свайго асяроддзя (сям’я, катэхэза).
“Вы свет міру, вы соль зямлі”, - з такім пасланнем разышлася па сваіх дамах моладзь, каб перадаць гэты свет іншым маладым людзям.
Ірына Петрусевіч, ASC











