16-17 лістапада ў Мінску ў парафіі св.Яна Хрысціцеля адбылося спатканне салезіянскіх аніматараў Беларусі. Справа выхавання вельмі важная, але адначасова вельмі цяжкая і адказная. Праграма фармацыйнага спаткання ў гэты раз мела больш практычны характар. Аніматары развучылі новыя гульні і бансы. А запланаваць наступны дзіцячы лагер святары і сёстры прапанавалі ў форме КВЗ (клуб вясёлых і знаходлівых).
Пасля канферэнцыі, на якой аніматары разважалі пра “Дух анімацыі моладзі” (праз выхаваўчую характарыстыку твару Езуса), кожны меў магчымасць асабіста сустрэцца з Панам праз адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнта і даверыць Яму сябе і ўсіх, да каго Ён іх пасылае.
Напрыканцы спаткання ўсе сабраліся на невялікі форум, на якім паспрабавалі паглядзець у будучыню і запланавалі некаторыя моманты. Падчас форума аніматары разам са святарамі і сёстрамі разважалі над тым, як яны могуць выйсці па-за рамкі Араторыя і несці харызму кс.Боско неверуючаму свету.
Спатканне скончылася, але верым, што з дапамогай і духоўнай падтрымкай св.Яна Боско, той энтузіазм, які запаліўся ў сэрцах аніматарў, не прападзе, але будзе імі выкарыстаны на карысць выхавання дзяцей і моладзі.
Ганна Семак, Дзяніс Бобін











