Увечары 25 жніўня, пасля прабывання рэліквій св. Яна Боско у архікатэдры імя Найсвяцейшай Панны Марыі, свайго духоўнага настаўніка вітала парафія св. Яна Хрысціцеля ў Серабранцы.Негледзячы на халоднае надвор’е, двор пры капліцы быў запоўнены вернікамі - людзі жадалі сустрэцца са святым, які няспынна паўтараў : “Аддайце мне душы, іншае пакіньце сабе”. Урачыстай працэсіяй св. Яна Боско правадзілі да падножжа святыні, якая знаходзіцца ў працэссе будаўніцтва і якая будзе насіць імя святога.
Перадусім, святога, які заўсёды клапаціўся пра моладзь, святочным канцэртам прывіталі дзеці і моладзь парафіі.
“Мы хочам мець такіх маладых людзей, якія стануць гонарам Касцёла і краіны. Таму сёння, падчас твайго, св. Ян Боско, візіту ў нашу краіну, і асабліва ў салезіянскую парафію, у гэты мінскі араторый, звяртаемся да цябе: выпрасі ў Бога цуд выхавання новага пакалення моладзі на хрысціянскіх каштоўнасцях», - звярнуўся ў прывітанні арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч да святога Яна Боско.
Падчас казання арцыпастыр разважаў аб значнасці педагогікі кс. Боско, аб важнасці яго прэвентыўнай сістэмы, бо ніхто не нараджаецца злым або абыякавым - такім чалавека могуць выхаваць нядобрыя абставіны.
“Сёння шмат маладых людзей сядзяць на дыетах, спрабуючы пахудзець, але па-сапраўднаму сучаснаму чалавеку неабходна дыета духоўная – нам трэба ўмець выбіраць каштоўную і добрую “ежу”,нам неабходна вучыцца выбіраць дабро, адкідаючы зло.” – прамовіў да вернікаў арцыпастыр.
Пасля св. Імшы кодны жадаючы меў магчмасць ушанаваць рэліквіі св. Яна Боско, якія пасля былі перанесены у капліцу, дзе праходзіла начное чуванне.
Падчас чування моладзь і прысутныя вернікі разважалі аб жыцці і духоўнасці Дона Боско. “Бог Айцец ведае ,чаго мы патрабуем ,ведае яшчэ да таго ,як папросім Яго. Варта прасіць, каб атрымаць больш,і не абавязкова для сябе”, - кажа Бон Боско кожнаму з нас.
Дон Боско завітаў да нас, каб выслухаць нашыя падзякі і просьбы, убачыць нашыя патрэбы, радасці і клопаты, ён прыехаў, каб сустрэцца з намі. Варта добра скарыстацца з гэтага благаслаўлёнага часу.
Таццяна Ісакава











