Яшчэ адна адметная падзея для салезіанскай супольнасці і касцёла на Беларусі адбылася 9 чэрвеня ў г. Смаргонь. З рук Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча Святарскае пасвячэнне атрымаў дыякан Станіслаў Краўчанка SDB.
Гэтая навіна напоўніла сэрца кожнага свядомага хрысціяніна радасцю і малітвай праслаўлення і ўдзячнасці Богу за новага работніка на жніве Пана. З хваляваннем прыняў малады святар гэты знак асаблівага даверу Бога да чалавека, з адказнасцю будзе выконваць Яго заданне і клапаціцца аб збаўленні душаў дзяцей Божых.
Сваю працу кс. Станіслаў Краўчанка распачаў у родным горадзе Смаргонь, у парафіі, з якой паходзіць сам, побач з тымі святарамі, якія заўважылі ў вачах маладога хлопца прагненне прысвяціць сваё жыццё для служэння Богу і людзям і падтрымлівалі яго на пряцягу доўгіх гадоў навучання. Мы ж падтрымаем кс. Станіслава малітвай, а ужо ў гэту нядзелю, 24 чэрвеня, папросім новапрэзбітэра аб прыміцыйным благаслаўленні і для нашых парафіянаў.
БОЖА, ПАШЛІ НАМ СВЯТЫХ СВЯТАРОЎ!
Матэрыял падрыхтавала Ірына Петрусевіч











