Велікоднае чуванне
- Катэгорыя: Навіны
Распачалася малітва з разважання перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, падчас якой вернікі, перапрашалі, прасілі, дзякавалі і праслаўлялі Пана Бога за Яго бясконцую міласэрнасць. Пасля невялікага перапынку распачалася малітва Крыжовага Шляху, падчас якой вернікі перапрашалі Пана за свае грахі, якімі прыбілі Езуса да крыжа. Моладзь тэатралізавана адлюстравала цяжар апошняга шляху Збаўцы на гэтым свеце. Кожную стацыю ўсе прысутныя ішлі за крыжом, разважаючы над мукай Хрыста за правіны свету. Малітва скончылася ля Найсвяцейшага Сакрамэнту 15-й стацыяй - Уваскрашеннем Хрыста.
Пасля, у якасці падзякі Богу, бала адмоўлена малітва Ружанца. Паміж часткамі ружанца вернікі дзякавалі Богу за атрыманыя ласкі, а таксама складалі свае інтэнцыі. Прыкметна, што людзі сталага ўзросту вельмі актыўна далучыліся да малітвы моладзі, адчувалася еднасць парафіі, еднасць парафіянаў розных пакаленняў.
Завяршылася чуванне малітвай Гадзінак аб беззаганным зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі.
Хацелася б выказаць словы удзячнасці ўсім тым, хто падрыхтаваў Малітву і ўдзельнічаў у Чуванні. Супольная начная малітва дапамагла больш поўна адчуць і зразумець радасную навіну ўваскрашэння Пана.











