Пасхальную ноч асвятляе Уваскрослы Хрыстус. Гэта сапраўды Вялікая Ноч, бо ў ёй ацэньваем сакрамэнтальным чынам, моцай Духа Святога найважнейшае выдарэнне ў дзеях свету і чалавецтва, якім быў пераход (пасха) ад смерці да новага жыцця праз уваскрасенне.Тая збаўчая таямніца ў літургіі гэтай ночы стане для нас сучаснасцю. Ажыццяўляюць яе для нас два пасхальныя сакрамэнты: Хрост і Эўхарыстыя. Гэтыя два сакрамэнты з’яўляюцца цэнтрамі сённяшняй літургіі. Уся дынаміка Пасхальнай ночы сканцэнтравана вакол новага жыцця ў Хрысце, і таму ўся яе літургія поўная сімволікі жыцця: святло – слова – вада і вячэра. Гэтыя знакі складаюць галоўны змест чарговых частак літургіі Пасхальнай вігіліі.
Святло лепш успрымаецца ў адрозненне ад цемры. Падчас літургіі святла адбываецца асвячэнне агню, запальванне пасхалу, свечак вернікаў і асвятленне касцёла. Існуе глыбокі сэнс у паступовым рассейванні цемры праз “Святло Хрыста”. З ім пераходзім з цемры смерці да святла новага жыцця.
Полымя святла з’яўляецца таксама знакам гатоўнасці і чакання. Таму, згодна з даўняй традыцыяй, гэтая ноч павінна быць чуваннем дзеля ўшанавання Пана. Вернікі, трымаючы ў руках запаленыя свечкі, павінны быць падобнымі да людзей, якія чакаюць свайго Пана, каб, калі вернецца, застаў іх чуваючымі на малітве і запрасіў да свайго стала.
Вада з’яўляецца істотным элементам неабходным для жыцця. Таму яна з’яўляецца таксама знакам, распачынаючым Божае жыццё ў чалавеку ў сакрамэнце Хросту. Тэалагічны сэнс знаку вады найлепш тлумачыць нам малітва падчас асвячэння вады для хросту: “Няхай гэтая вада праз Духа Святога атрымае ласку Твайго Адзінароднага Сына, каб чалавек, які створаны на Тваё падабенства і праз сакрамэнт хросту ад бруду ўсялякіх грахоў абмыты, адрадзіўся з вады і Духа Святога да новага жыцця дзіцяці Божага.” Таму хрост і аднаўленне абяцанняў хросту займае значнае месца ў літургіі Пасхальнай ночы. Менавіта гэты сакрамэнт найглыбей уключае нас у пасхальную таямніцу Хрыста.
Мы аднавілі ў сабе ласку святога хросту, праз які мы ўваскрэслі ў Хрысце да новага жыцця. Цяпер Уваскрослы Пан запрашае нас на сваю Пасхальную Вячэру. Напоўненыя радасцю, складаем Богу Айцу падзяку за дар уваскрасення Хрыста і нашага з Ім удзелу праз Хрост і Эўхарыстыю.











