Вялікая пятніца Мукі Пана
- Катэгорыя: Навіны
Стаім у духу перад Хрыстом, які вісіць на алтары Крыжа, на якім ахвяраваў сваё жыццё за ўсіх людзей. Узвышаны над зямлёй, Ён усіх прыцягнуў да сябе, таму молімся за ўсіх людзей і за ўвесь свет. Кантар абвяшчае інтэнцыю, затым усе моляцца ў цішыні, пасля чаго святар падсумоўвае малітвы сабраных спецыяльнай просьбай. Кожны адказ “амэн” павінен быць свядомым уключэннем сябе і пацверджаннем малітвы Касцёла.
Адкрыты Крыж хочам з удзячнасцю ўшанаваць. Крыж – гэта прылада смерці, якая стала знакам перамогі і нашага збаўлення. Адкрыццё Крыжа наступае ў трох этапах, за кожным разам кленчым і адказваем: “Пойдзем з паклонам”. Такім чынам выражаем удзячнасць Хрысту за труд нашага збаўлення.
Ад Крыжа літургія вядзе да Святой Камуніі. Гэтым яна хоча сказаць, што паміж ахвярай на Крыжы і Эўхарыстыяй існуе сціслая сувязь. Мы заўсёды ўдзельнічаем у Эўхарыстычнай Вячэры Баранка, дзякуючы Яго ўкрыжаванню. Святая Камунія – гэта пакарм, які з’яўляецца плодам, сарваным з Дрэва Крыжа, з Дрэва новага і несмяротнага Жыцця.
Згодна са шматвяковай традыцыяй, на заканчэнне літургіі Вялікай Пятніцы Найсвяцейшы Сакрамэнт пераносіцца да Панскага Гробу, дзе трываем у адарацыі перад Езусам. Нашу ўвагу кіруем перадусім на выстаўлены ў манстранцыі Найсвяцейшы Сакрамэнт. Панскі Гроб перапоўнены праўдзівай прысутнасцю Хрыста. Цяпер пойдзем туды, каб, трываючы ў малітоўным чуванні і сузіраючы Муку і смерць нашага Пастыра, з верай і надзеяй чакаць радаснага дня Ягонага ўваскрасення.











