Урачыстасць Св. Яна Боско
- Катэгорыя: Навіны
Вернікі сабраліся ў капліцы Св. Яна Хрысціцеля, каб распачаць свята з нядзельнай Святой Імшы-Сумы, на якую быў запрошаны вельмі паважны госць – апостальскі нунцый ў Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджыроцці.
Даўно парафіяне не чулі такой шчырай прамовы: кранальнай, вясёлай і адначасова да немагчымага мудрай.
У гэты ж дзень пробашч парафіі кс. Аляксандр Мятліцкі святкаваў дзень свайго нараджэння, а таму парафіяне не прамінулі пад час Св. Імшы павіншаваць яго з гэтай нагоды.
Пасля прыгожага набажэнства ўсе накіраваліся да парафіяльнага Цэнтра Моладзі, дзе рыхтавалася вялікае свята і такі ж вялікі пачастунак.
Не сакрэт, што галоўная таямніца святасці Яна Боска – радасць. І вось падчас канцэрту ўсе прысутныя пусціліся на пошукі сапраўднай радасці. Кожны чалавек шукае сваёй радасці, асабліва малады.
Пошукі радасці былі доўгімі і цікавымі, вясёлымі, шумнымі, сур’ёзнымі і шмат-шмат яшчэ якімі. Многія атрымалі магчымасць паказаць свае здольнасці і таленты, спевамі, танцамі, выкананнем інструментальнай музыкі.
І вось, у рэшце рэшт знайшлась сапраўдная радасць. Яна – у Бога! Ксёндз Боска пераконвае ўсіх яшчэ і ячшэ раз: радасць ў Бога і з Богам.
На такой сапраўды шчаслівай ноце можна было і б ужо і падсілкавацца. Бо пошукі, хоць і цікавыя, але цяжкія, стамілі прысутных на свяце. Парафіянкі падрыхтаваліся на славу, бо чакаў усіх сапраўды шыкоўны стол з блінамі, печывам, цукеркамі і разнастайнымі смачнасцямі.
Матэрыял падрыхтавала Таццяна Шамко











