Святарскае пасвячэнне кс. Паўла Шчарбіцкага SDB
- Катэгорыя: Навіны
Да гэтага дня рыхтавалася практычна ўся парафія: загадзя ўрачыста ўпрыгожвалі касцёл кветкамі, рэпітавалі спевы, віншаванні. Але асабліва рыхтавалася да гэтай падзеі сям’я новапрэзбітэра. Барыс і Мечыслава Шчарбіцкія доўгія дзесяць год жылі ў чаканні, і ў малітве прасілі Пана Бога аб вытрываласці ў пакліканні для каханага сына.
І вось гэты дзень наступіў. Шматлікія госці з розных краінаў свету, родныя, блізкія, настаўнікі, сябры, знаёмыя кс. Паўла і проста неабыякавыя да падзеі людзі сабраліся ў катэдры, усе ў нецярпенні і хваляванні. І не здарма, бо гэта першае пакліканне з парафіі Св. Яна Хрысціцеля за пятнаццаць год яе існавання.
Урачыстай працэсіяй праз касцёл прайшлі ўсе прысутныя ксяндзы, клерыкі і міністранты. Першымі пасля крыжа ў калоне міністрантаў ішлі хлопцы з парафіі, якія ў гэтым годзе паступілі ў салезіянскі праднавіцыят у г. Смаргоні і будуць таксама праходзіць падрыхтоўку ў пакліканні да святарства. Затым – клерыкі і дз’яканы, якія ўжо зараз праходзяць салезіянскую фармацыю. Пасля – айцы-салезіяне з Усходняй Акругі, якія працуюць ў Беларусі, Расеі, Украіне і Грузіі, начале з ксяндзом-інспектарам Джузэппе Пеліцары. Сярод іх – ксёндз-пробашч парафіі Св. Яна Хрысціцеля кс. Ігар Лашук SDB, першы выхавацель новапрэзбітэра. Таксама прысутнічаў ксёндз Андрэа Баццола, дырэктар духоўнай семінарыі ў Турыне (Італія), дзе вучыўся кс. Павел, прафесар гэтай семінарыі дон Сабіно і ксёндз-пробашч парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Антоній Клімантовіч. Цэлебраваў урачыстую св. Імшу Арцыбіскуп Тадэуш Кандрусевіч.
Падчас першай часткі ўрачыстасці, у сваёй прамове да будучага святара, Арцыбікуп падкрэсліў неверагодную важнасць асобы святара ў жыцці вернікаў, бо яго лёс належыць Пану Богу, а таксама пастве. “Жніво вялікае, а работнікаў мала”, так рапсавядаў Езус, пасылаўчы апосталаў на іх місію ў свет. Гэты вялікі дар “работніка Божага” прыняў на сябе кс. Павел. Новапрэзбітэр склаў святарскія шлюбы на рукі Арцыбіскупа, і атрымаў з рук кс. Ігара Лашука свой першы святарскі арнат.
У другой частцы мерапрыемства кс. Павел далучыўся да святарскай супольнаці, каб разам прыняць удзел у таямніцы Перамянення хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста, а таксама ўдзяліць вернікам Сакрамэнт Эўхарыстыі.
Напрыканцы кс. Павел шчырай прамовай адудзячыў сваім бацькам за вытрываласць і малітву, а таксама Арцыбікупу, ксяндзу-інсектару, сваім выхавацелям у семінарыіі ў Турыне, ксяндзу-пробашчу парафіі Св. Яна Хрысціцеля, а таксама ўсім прысутным вернікам, якія прычыніліся тым ці іншым чынам да гэтай важнай падзеі.
Цяпер ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB накіраваны працаваць вікарыем ў родную парафію Св. Яна Хрысціцеля (г. Мінск), дзе будзе адказны за дзейнасць Цэнтра Моладзі, кіравацца суполкай міністрантаў, дапамагаць у споведзі і іншым служэнні.
З радасццю вітаем кс. Паўла ў нашай парафіі жадаем яму плённай працы і абяцаем моцную матэрыяльную і духоўную падтрымку! Няхай Вашае святарства возьме пад апеку св. Дон Боско!
“Чалавек з народа, пастаўлены для народа.”











