Урачыстасць Вялікай Суботы пачалася ў нашым касцёле ў 20.30. з асвячэння Пасхальнага агню. Падчас урачыстай працэсіі, калі новы Пасхал быў унесены ў святыню, вернікі запальвалі ад яго свечкі, перадаючы такім чынам, адзін адному Святло Хрыста.
Затым быў праспяваны старадаўні грыгарыянскі спеў Exsultet, у якім абвяшчаецца радасная вестка пра ўваскрасенне Пана. Пасля чаго ў літургіі слова, былі прачытаны ўрыўкі з Кніг Быцця і Зыходу, якія прыпаміналі вернікам, што свята Пасхі – гэта свята пераходу ад смерці да жыцця і ад граху да святасці. Касцёл разважае пра цуды, ад стварэння свету ўчыненыя Богам дзеля збаўлення чалавецтва.
Бо праз сваё Змёртвызпаўстанне Езус адкрыў для кожнага чалавека Шлях да збаўлення душы - галоўную мэту жыцця, пра якую дзякуючы гэтаму свету, чалавецтва забываецца.
Падчас урачыстасці адбыўся таксама Сакрамэнт асвячэння вады і Хросту. Хрысціянская супольнасць прыняла да сябе новага члена, а ўсе астатнія вернікі аднавілі хросныя абяцанні.
Падчас эўхарыстычнай літургіі ўспамінаецца смерць і ўваскрасенне Пана праз складанне ў постацях хлеба і віна ахвяры Яго Цела і Крыві.
На заканченне Св. Імшу ксёндз-пробашч павіншаваў усіх прысутных вернікаў словамі ”Хрыстос Уваскрос!".











