20 студзеня 2011 г. у капліцы святога Яна Хрысціцеля ў Мінску (Серабранкаўскі дэканат) адбылася пастырская сустрэча. Яна стала часам разважання над сутнасцю адзінства хрысціянаў. На супольнай малітве сабраліся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Антоні Дзям’янка, душпастыры і сёстры законныя архідыяцэзіі.
Пасля святой Імшы ўдзельнікі сустрэчы паслухалі даклад кс. Віктара Гайдукевіча SDB, пробашча парафіі Святога Мацвея ў Раўбічах. Супольнасць веруючых у Хрыста як духоўнае адзінства — такою была галоўная ідэя даклада. Тэма не выпадковая — у гэтыя дні (18–25 студзеня) у свеце трывае Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў.
Ксёндз Гайдукевіч нагадаў, што «чатыры элементы, характэрныя для першай хрысціянскай супольнасці, з’яўляюцца таксама актуальнымі для хрысціянскіх супольнасцей ХХІ стагоддзя». Гэтыя элементы гучаць у тэме Тыдня: «Яны заставаліся вернымі вучэнню Апосталаў і супольнасці, ламанню хлеба і малітвам» (пар. Дз 2, 42).
«У кантэксце малітваў аб адзінстве хрысціянаў, аб бачным адзінстве Касцёла, паўстае пытанне: як павінны трываць у Касцёле веручыя сёння?» — слушна заўважыў кс. Гайдукевіч. Пры гэтым святар звярнуў увагу на «частковую камунію, якая існуе паміж хрысціянамі» і якая можа ўзрастаць да поўнай камуніі ў праўдзе і любові.
«Узрастанню паміж хрысціянамі камуніі ў праўдзе і любові можна паспрыяць рознымі шляхамі: як у штодзённым жыцці, так і ў тэалагічных разважаннях, у якіх прадстаўнікі розных Цэркваў і супольнасцей сёння дасягнулі шырокага кансенсусу. Плён гэтай працы вядомы не многім веруючым, аднак ён можа стаць пачаткам фармацыі ў гэтым напрамку», — адзначыў кс. Гайдукевіч.










