Аплатковае спатканне дзяцей і моладзі
- Катэгорыя: Навіны
19 снежня ў нашым Моладзевым цэнтры прайшлі аплатковыя спатканні. Перад і пасля Святой Імшы а 12 гадзіне на святочную сустрэчу прыйшлі дзеці, якія ўдзельнічаюць у занятках рэлігіі. Сустрэча распачалася чытаннем ўрыўка з Святога Евангелля, які распавядаў пра момант прыходу на свет Збавіцеля. Выслухаўшы гісторую нараджэння Хрыста, дзеці бралі ў рукі аплатак і, падыходзячы, пералічвалі ўсё, чаго жадалі адзін аднаму. Простыя, але вельмі шчырыя пажаданні, якія гучалі з дзіцячых вуснаў, стваралі цёплую атмасферу адзінства і радасці. А ў канцы сустрэчы дзеці атрымалі віншаванні з надыходзячым святам і салодкія падарункі.
Увечары на спатканне была запрошана моладзь нашай парафіі разам са сваімі бацькамі. Добрым пачаткам сустрэчы былі калядныя спевы, якія гучна спявалі ўсе прысутныя разам з гуртам “Небасхіл”. Пазнаёміўшыся, усе былі запрошаны да прыгатаванага стала. Выслухаўшы словы Евангелля, айцец Аляксандр ад імя ўсіх святароў нашай парафіі і сястра Эльжбета ад імя сясцёр выказалі пажаданні для моладзі, бацькоў і ўсіх сем’яў з нагоды хуткага святкавання свята Божага Нараджэння. Момант ламання аплаткам прынёс сапраўдную радасць і адкрытыя ўсмешкі на тварах. Сустрэча скончылася невялікай сцэнкай аб тым, што Езусу не было месца, дзе нарадзіцца, бо ў дамах людзей панаваў алкаголь, наркотыкі, эгаізм. Анёлы з неба шукалі, як дапамагчы Езусу, і перамаглі людскі грэх. Няхай словы “Рыхтуем сэрцы нашы, каб сталі домам Пана” стануць пастановай на апошнія дні перад святам.
Дзякуем усім, хто падрыхтаваў сустрэчы і прыняў у іх удзел.
Дар’я Еўтухоўская











