Рэкалекцыі ў парафіі Святога Яна Хрысціцеля ў Мінску правёў кс. Ян Рэчэк
- Катэгорыя: Навіны
10–12 кастрычніка 2010 г. парафія Святога Яна Хрысціцеля ў Мінску (Серабранкаўскі дэканат) перажывала дні духоўнага аднаўлення. Рэкалекцыі праводзіў кс. Ян Рэчэк, які прыбыў разам са спадарыняй Станіславай, якую ў Польшчы называюць сястрой. Праз заступніцкую малітву яны маліліся аб унутраным аздараўленні для кожнага, хто прыходзіў у гэтыя дні ў святыню.
Парафіяне, а таксама вернікі з іншых парафій Мінска і розных гарадоў Беларусі вельмі актыўна прымалі ўдзел у гэтых рэкалекцыях. На адным з набажэнстваў прысутнічалі таксама некаторыя святары іншых мінскіх парафій.
Ксёндз Ян Рэчэк працуе ў Польшчы ў санктуарыі Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках (Кракаў), а ў многіх краінах вядомы дзякуючы моцнай заступніцкай малітве, якую чыніць супольна са спадарыняй Станіславай, якая мае асаблівы дар ад Бога — бачыць прычыну унутраных або цялесных цярпенняў людзей, што, як правіла, крыецца ў грахах папярэдніх пакаленняў. Пацвярджэнне гэтаму мы знаходзім у Святым Пісанні: «Калі Пан сышоў у воблаку, Майсей стаў паблізу Яго і абвясціў імя Пана. І прайшоў Пан перад ім, і ўсклікнуў: Пан, Пан Бог міласэрны і літасцівы, доўгацярплівы і шматміласцівы, і праўдзівы, які захоўвае міласэрнасць на тысячы пакаленняў, які даруе беззаконне, злачынства і грэх, але нічога не пакідае беспакараным і за беззаконне айцоў карае дзяцей і ўнукаў да трэцяга і чацвёртага пакалення» (пар. Зых 34, 5b–7).
Праграма рэкалекцый уключала абавязковы ўдзел у святой Імшы, адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і індывідуальнае благаслаўленне рэкалекцыяніста, якое мела прыватны характар і ўдзялялася непасрэдна перад табэрнакулюмам.
Канферэнцыі рэкалекцыяніста, акрамя нагадвання праўдаў веры Каталіцкага Касцёла, былі насычаны шматлікімі прыкладамі аб тым, якія наступствы нясе цяжкі грэх, учынены чалавекам: духоўныя і цялесныя хваробы, комплексы і іншыя цяжкасці ў жыцці чалавека. Як не раз падкрэсліваў кс. Ян Рэчэк, грэх — гэта «не асабістая справа» асобы, але «асабістая адказнасць» за яго.
Па словах мясцовага пробашча кс. Ігара Лашука SDB, галоўная мэта дадзеных рэкалекцый заключалася ў духоўным аднаўленні парафіі. Як падкрэсліў святар, будуючы святыню з цэглы, вельмі важна не занядбаць узвядзенне жывога Касцёла, якім з’яўляюцца вернікі на чале са сваімі душпастырамі.











