
30 мая 2010 г. на заканчэнне катэхетычнага года ў парафіі Святога Яна Хрысціцеля ў Мінску (Серабранкаўскі дэканат) адбыўся святочны кірмаш. Удзельнікамі вясёлага свята сталі парафіяльная моладзь, дзеці і іх бацькі.
Разам са сваімі парафіянамі весяліліся і прымалі ўдзел у спаборніцтвах дырэктар Моладзевага цэнтра імя св. Яна Боска кс. Аляксандр Яшэўскі SDB і сёстры салезіянкі.
Адкрыццё святочнага кірмаша, які стаў ужо добрай трыдыцыяй парафіі, распачалося з малітвы. Затым удзельнікаў свята чакалі шматлікія конкурсы, дзе трэба было праявіць свае спартыўныя здольнасці, спрыт і знаходлівасць. Жартаўлівыя конкурсы выклікалі ўсмешку не толькі ў іх удзельнікаў, але і ў тых, хто назіраў за тым, што адбывалася. Святы Ян Боска не раз заўважаў, што сатана баіцца вясёлых людзей, а гледзячы на тых, хто наведаўся на незвычайны кірмаш, было відаць, што яны ўмеюць радавацца і весяліцца.
Безумоўна, конкурсы не могуць быць без узнагародаў, таму пасля падліку балаў самыя спрытныя і знаходлівыя атрымалі прызы.
На заканчэнне кс. Аляксандр Яшэўскі ўдзяліў дзецям, моладзі і іх бацькам благаслаўленне на летні час і пажадаў добрага адпачынку.
Матэрыял сайта catholic.by










