Сакрамэнт канфірмацыі ў Серабранцы: жадаем крочыць у Божай праўдзе і пазбягаць усялякага граху
- Катэгорыя: Навіны
23 мая 2010 г. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў касцёле святога Яна Хрысціцеля ў Мінску (Серабранкаўскі дэканат). Сакрамэнт хрысціянскай сталасці прынялі 119 вернікаў з парафіі ў Серабранцы і парафіі Духа Святога ў Чыжоўцы.
У гаміліі іерарх нагадаў пра значэнне ўрачыстасці Спаслання Духа Святога — трэцяй па важнасці пасля Вялікадня і Божага Нараджэння. «Дух Святы сышоў на Апосталаў на пяцідзесяты дзень пасля ўваскрасення Езуса Хрыста і перамяніў іх так, што пазбавіліся страху і сталі мужнымі прапаведнікамі Езуса ўкрыжаванага і ўваскрослага», — адзначыў арцыпастыр.
«Хрысціянства прыняло яўрэйскую традыцыю Пяцідзесятніцы як удзячнасці за ўраджай, якою з’яўляюцца добра вядомыя нам „Дажынкі“, — працягваў Мітрапаліт. — Сёння мы таксама ўдзячныя Богу за дар Духа Святога, бо дзень Спаслання Духа Святога — гэта дзень нараджэння Касцёла. Дух Святы вядзе яго ўжо больш за 2 тысячы гадоў, каб праз яго дзейнасць змяніць аблічча зямлі».
На заканчэнне гаміліі арцыбіскуп заклікаў вернікаў адкрыцца на дзеянне Духа Святога, каб Ён мог змяніць іх, а праз гэта зрабіць свет лепшым.
Перад прыняццем з рук арцыпастыра сакрамэнту канфірмацыі, кандыдаты, а таксама сведкі і ўсе прысутныя прасілі Бога, каб праз атрыманне дароў Духа Святога ўмацоўвалася іх жаданне пазнаваць і любіць праўду, якою з’яўляецца Бог, мужна і адважна абараняць веру, змагацца з усялякімі спакусамі, крочыць у Божай праўдзе і пазбягаць усялякага граху.










