Салезіяне з Беларусі прымаюць удзел у VI капітуле Усходняй Салезіянскай Акругі
- Катэгорыя: Навіны
У панядзелак 26 красавіка 2010 г. у Акцябрскім (Маскоўская вобласць) распачала сваю працу VI капітула Салезіянскай Усходняй Акругі. Да гэтай салезіянскай правінцыі належаць салезіяне, якія працуюць у Беларусі, Грузіі, Украіне і Расіі.
Агульная колькасць салезіянаў у правінцыі складае 106 чалавек. На тэрыторыі Беларусі нясуць сваё служэнне 15 ксяндзоў салезіянаў, ёсць адзін дыякан, які атрымае святарскае пасвячэнне 12 ліпеня 2010 г. у Смаргоні, і два семінарысты. Два ксяндзы салезіяне, якія паходзяць з Беларусі, працуюць на місіях: адзін у Гатчыне, што каля Санкт-Пецярбурга, і адзін у Сьера-Леонэ (Афрыка).
Салезінскія правінцыі праводзяць капітулы раз у тры гады. Гэта дапамагае глыбей і лепш зразумець рэальную сітуацыю ў служэнні салезіянскай супольнасці Богу і Каталіцкаму Касцёлу. Падчас капітулы ўдасканальваюцца раней створаныя дакументы, якія рэгулююць дзейнасць правінцыі, згодна з пастановамі апошняй Генеральнай капітулы. У ходзе капітулы не толькі разглядаецца існуючая сітуацыя, але таксама ствараюцца праграмы і планы, дзеля ўдасканалення місіі абвяшчэння Хрыста ў харызме заснавальніка салезіянскага таварыста святога Яна Боска.
У працы капітулы ўдзельнічаюць 33 дэлегаты з усёй правінцыі, у тым ліку 7 — з Беларусі. Рэгулятарам капітулы з’яўляецца кс. Аляксандр Яшэўскі, вікарый парафіі Святога Яна Хрысціцеля ў Мінску.










