15 красавіка 2010 г. кс. Стэфан Тураньскі SDB, дарадчык Генеральнага настаяцеля Таварыства св. Францішка Сальскага (салезіяне), сустрэўся з намеснікам старшыні Мінгарвыканкама спадаром Міхаілам Ціцянковым і начальнікам аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Мінгарвыканкама спадарыняй Алай Рабіцавай.
Падчас візіту дарадчык Генеральнага настаяцеля таварыства салезіянаў падзякаваў прадстаўнікам дзяржаўнай улады за аказанне падтрымкі і дапамогу ў справе ўзвядзення храма ў мінскім мікрараёне Серабранка, дзе працуюць ксяндзы салезіяне і сёстры салезіянкі.
Акрамя гэтага, кс. Тураньскі паведаміў аб жаданні салезіянскай супольнасці ўнесці ўклад у абагачэнне сацыяльнай сферы грамадства, і не толькі праз духоўную фармацыю і цэлебрацыю сакрамэнтаў, але і на ўзроўні выхавання, што для салезіянаў з’яўляецца тыповым кірункам дзейнасці. Як вядома, салезіянскае выхаванне заснавана на папераджальнай сістэме, што дазваляе прадухіліць шматлікае зло ў асяроддзі моладзі.










