Завяршыліся рэкалекцыі для супрацоўнікаў «Карытас»
- Катэгорыя: Навіны
3 сакавіка 2010 г. завяршыліся рэкалекцыі для супрацоўнікаў дабрачыннага каталіцкага фонду «Карытас». Святую Імшу на заканчэнне дзён духоўнага аднаўлення ўзначаліў кс. Віктар Гайдукевіч SDB, дырэктар «Нацыянальнага Карытас» у Беларусі.
У гаміліі рэкалекцыяніст кс. Аляксандр Яшэўскі SDB яшчэ раз звярнуў увагу прысутных на тры моманты: на важнасць удзелу ў святой Эўхарыстыі, якая з’яўляецца часам падзякі, праслаўлення, перапрашэння і просьбы; на вялікі дар сакрамэнту пакаяння, праз які Бог ачышчае і аднаўляе кожнага чалавека; на абавязак кожнага чалавека памятаць пра тое, што прабыванне на зямлі не вечнае — memento mori. Як адзначыў святар, самым верагодным для кожнага чалавека з’яўляецца той факт, што ён памрэ, аднак неверагодным з’яўляецца час смерці.
На заканчэнне рэкалекцый удзельнікі сабраліся, каб падзяліцца перажытым у гэтыя дні. Па словах кс. Віктара Гайдукевіча, дадзены час сапраўды стаў часам духоўнага аднаўлення і больш блізкага знаёмства з тымі, хто таксама рэалізоўвае справу дабрачыннасці ў імя Найвышэйшага.
Па словах свецкіх супрацоўнікаў фонду, дні духоўнага аднаўлення былі часам размовы пра Бога і людзей, калі, разважаючы над сэнсам дабрачыннасці, не даводзілася займацца планаваннем фінансавай дапамогі. Варта было яшчэ раз пачуць, што «Карытас» — гэта арганізацыя, якая найперш павінна аказваць духоўную падтрымку патрабуючым, у той час, калі свет акрэслівае паняцце дапамогі выключна ў матэрыяльным вымярэнні.
Тэмы, прапанаваныя рэкалекцыяністам, былі не новымі, аднак, па словах удзельнікаў дзён духоўнага аднаўлення, мелі актуальнасць, а рэкалекцыі сталі нагодай, каб спыніць штодзённую беганіну і яшчэ раз задумацца над тым, якімі каштоўнымі дарамі з’яўляюцца сакрамэнты, святая Эўхарыстыя і наколькі важна быць гатовым да сустрэчы са Стварыцелем.
Як адзначалі прадстаўнікі «Карытас», удзел у набажэнствах, слуханне канферэнцый, час унутранай і знешняй цішыні сталі добрай магчымасцю, каб іначай паглядзець на сябе і іншых, убачыць таксама пазітыўны бок. Удзельнікі рэкалекцый выказалі жаданне падзяліцца перажытым са сваімі сем’ямі, з супрацоўнікамі, але найперш перамяніць сябе, бо, калі хочаш перамяніць бліжняга, павінен пачаць з самога сябе.










