Салезіянская супольнасць Беларусі прымае ўдзел у велікапосных рэкалекцыях
- Катэгорыя: Навіны
Салезіянская супольнасць Беларусі сабралася ў рэкалекцыйным доме айцоў вербістаў у Баранавічах (Пінская дыяцэзія). Пяцідзённыя велікапосныя духоўныя практыкаванні, якія завершацца 26 лютага 2010 г., для святароў з Кангрэгацыі св. Францішка Сальскага праводзіць кс. Пётр Пшэсмыцкі SDB, дырэктар Салезіянскай школы ў Лодзі (Польшча).
Да беларускай супольнасці салезіянаў далучыўся таксама Інспектар кс. Джузэппэ Пэлліццары SDB, правінцыял Усходняй акругі Кангрэгацыі св. Францішка Сальскага.
У межах перажывання ў паўсюдным Касцёле Года святарства рэкалекцыяніст прапанаваў удзельнікам духоўных практыкаванняў паразважаць над уласным пакліканнем да асаблівага служэння Богу. Разважаючы разам са святарамі над выклікамі і цяжкасцямі, якія існуюць у паўсядзённым жыцці сучаснага душпастыра, кс. Пшэсмыцкі адзначыў важнасць пастаяннага прабывання з Богам, умацоўвання прыватных адносін з Найвышэйшым праз малітву, разважанні, адрачэнне, ахвярнае служэнне Касцёлу і вернікам. Па словах ксяндза рэкалекцыяніста, Бога можна несці іншым толькі тады, калі сам маеш Яго ў сабе.










