4 лютага 2010 г. у мінскай капліцы святога Яна Хрысціцеля (Серабранкаўскі дэканат) адбылася сустрэча кансэкраваных асоб, якія нясуць служэнне ў парафіях Мінскай вобласці. Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Літургію канцэлебравалі дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка і прысутныя законнікі.
У гаміліі арцыпастыр параўнаў манаскія супольнасці з рознымі кветкамі, якія растуць на адным полі. Законнікі і законніцы, па словах Мітрапаліта, з’яўляючыся прадстаўнікамі розных манаскіх ордэнаў, кангрэгацый і таварыстваў, праз служэнне ў духу сваіх заснавальнікаў узбагачаюць і ўпрыгожваюць Касцёл Божы падобна кветніку.
Спасылаючыся на словы Бэнэдыкта XVI, з якімі Пантыфік звярнуўся да кансэкраваных асоб, сабраных у ватыканскай базыліцы святога Пятра 2 лютага, арцыбіскуп нагадаў, што «кансэкраваная асоба з’яўляецца свайго роду „мастом“ да Бога».
Падчас святой Імшы прысутныя законнікі і законніцы «ў духу ўдзячнасці за дар выбрання і паклікання» аднавілі свае абяцанні, якія некалі склалі Богу, каб аддана служыць Яго справе збаўлення. «Стаім тут разам са святым Касцёлам і ў еднасці з усімі кансэкраванымі асобамі ўсяго свету аднаўляем складзеныя Табе, Пане, абяцанні і шлюбы: чысціні, убоства і паслухмянасці», — ва ўнісон прамаўлялі прадстаўнікі розных манаскіх супольнасцяў.










