31 студзеня для нашай парафіі - дата незвычайная. А менавіта таму, што на гэты дзень прыпадае ўрачыстасць святога Яна Боско, святара – заснавальніка Таварыства святога Францішка Сальскага, кангрэгацыі Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў і свецкай асацыацыі Салезыян Супрацоўнікаў.
Духам гэтага вялікага святога прасякнута мінская парафія св. Яна Хрысціцеля. Тут ад яе заснавання працуюць святары-салезіяне Таварыства святога Францішка Сальскага і сёстры законныя кангрэгацыі Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў. Працуюць з адданасццю, з той самай, з якой Святы Ян Боско распачынаў сваю вялікую справу. Таму да гэтага Успаму парафія рыхтавалася асабліва адказна.
Урачыстасць распачалася святой Імшой у гонар святога а 12-й гадзіне. Прыбыло вельмі шмат людзей: дзеці, моладзь, вернікі. Сярод іншых, урачыстасць наведаў Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Італіі ў Рэспубліцы Беларусь спадар Джуліа Прыджоні. Узназначаліў св. Імшу кс. Аляксандар Яшэўскі SDB, таксама адпраўлялі кс. Генадзь Кухарэвіч з парафіі Маці Божай Ружанцовай і а. Яўген з Грэка-каталіцкай парафіі св. Мікалая.
Пасля ўсе прысутныя былі запрошаныя ў Цэнтар Моладзі імя. св. Яна Боско, дзе свята працягнулася. Там усіх чакала "незвычайнае падарожжа" са св. Янам Боско - падарожжа ў Рым, на аўдыенцыю к Святому Айцу Пію IX. Ён запрасіў св. Яна Боско, каб той паведаміў Папе і ўсім прысутным пра сваё жыццё, сваю дзейнасць. Паведамляў св. Дон Боско з дапамогай прызентацыі і сваіх успамінаў, якія паўставалі ў выглядзе невялічкіх пастановак з дзяцінства і сталасці святога.
Таксама быў час і для вясёлых гульняў: усе жадаючыя мелі магчымасць паўдзельнічаць у эстафеце, перацягванні ліны і іншых вясёлых гульнях. Пасля ўсе былі запрошаныя на салодкі пачастунак. Карацей кажучы - усім было весела і цікава, так як гэтага і жадаў святы Ян Боско, святы з усьмешкай на твары!
Шчырая падзяка ўсім, хто прычыніўся да падрыхтоўкі урачыстасці.
Прапануем таксама вашай увазе: Фотаздымкі са свята >>>










