Мітрапаліт Кандрусевіч падчас візіту ў Германію абмяркуе кірункі супрацоўніцтва ў сферы дабрачыннай
- Катэгорыя: Навіны
24 студзеня 2010 г. распачаўся візіт у Германію Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і дырэктара «Нацыянальнага Карытас» у Беларусі кс. Віктара Гайдукевіча SDB. Падчас візіту, які будзе працягвацца да 31 студзеня, адбудзецца шэраг сустрэч з прадстаўнікамі «Renovabis» і нямецкага «Карытас» для абмеркавання кірункаў супрацоўніцтва ў сферы дабрачыннай дзейнасці ў Беларусі.
25 студзеня Мітрапаліт Кандрусевіч і кс. Віктар Гайдукевіч наведалі цэтральнае бюро «Карытас» Мюнхенскай архідыяцэзіі, якое знаходзіцца ў Мюнхене. Падчас сустрэчы з дырэктарам бюро кс. прэлатам Гансам Ліндэнбергерам і адказным за правядзенне праектаў за мяжой Губертам Янасам былі закрануты пытанні адносна структуры «Карытас» Мюнхенскай архідыяцэзіі, адметнасцю якой з’яўляецца арганізацыя парафіяльных аддзяленняў «Карытас». Ксёндз прэлат Ганс Ліндэнбергер падзяліўся поспехамі і праблемамі ў працы гэтага кірунку, а таксама прадставіў дырэктару «Нацыянальнага Карытас» у Беларусі распрацоўкі ў дадзенай сферы, якія могуць стаць добрай базай для арганізацыі парафіяльных «Карытас» у беларускіх дыяцэзіях. Акрамя гэтага, былі абмеркаваны праекты, што плануецца рэалізаваць у бліжэйшым часе ў Беларусі.
У межах сустрэчы арцыбіскуп Кандрусевіч і кс. Гайдукевіч паінфармавалі прысутных, як адбываецца фармацыя моладзі і сем’яў у Беларусі, а таксама мелі магчымасць параўнаць сваю душпастырскую працу з той, якая вядзецца ў гэтай сферы ў Мюнхене. З гэтай нагоды дырэктар мясцовага Цэнтра пастаяннай фармацыі розных груп вернікаў кс. Альфонс Фрыдрых запрасіў членаў беларускай дэлегацыі наведаць цэнтр.
Падчас наведвання аднаго з парафіяльных аддзяленняў «Карытас» у Мюнхене Мітрапаліт Кандрусевіч і кс. Гайдукевіч маглі непасрэдна пазнаёміцца з працай дадзенага адгалінавання, а таксама ўбачыць, на чым базуецца і ў якіх кірунках ажыццяўляецца гэтая дзейнасць. У размове з кіраўніком парафіяльнага аддзялення «Карытас» спадаром Гюнтэрам Краусам беларуская дэлегацыя была дэтальна паінфармавана аб працы з канкрэтнымі групамі патрабуючых людзей. Як падкрэслілі дырэктар «Карытас» Мюнхенскай архідыяцэзіі і кіраўнік вышэйзгаданага парафіяльнага «Карытас», менавіта парафіяльныя структуры, дзе ёсць непасрэдны кантакт з патрабуючымі, з’яўляюцца галоўнай базай дабрачыннай дзейнасці.
У гэты ж дзень беларускі іерарх і дырэктар «Нацыянальнага Карытас» у Беларусі сустрэліся з намеснікам кансорцыума «MDG: Die Berater, Kompetenz bei Veränderungen» спадаром Стэфанам Эс. Падчас сустрэчы была абмеркавана магчымасць атрымання кансультацыі ў галіне дабрачыннай працы, а таксама ў сферы сродкаў масавай інфармацыі і выдавецкай дзейнасці. Прадстаўнікі кансорцыума пазнаёміліся з афіцыйным парталам Каталіцкага Касцёла ў Беларусі Catholic.by, пры гэтым адзначыўшы прафесіяналізм стваральнікаў старонкі.










