Адрас: вул. Пляханава, 28 к1,
  Мінск, Рэспубліка Беларусь
☎капл +375 17 3679386
☎канц +375 17 3683856
E-mail: serebranka@sdb.by

 

 

 

 

 

Першая Кантакт Для друку
23 кастрычніка 2009 года ад нашай парафіі на аўтобусе адправілася пілігрымка да Маці Божай Чэнстахоўскай, якую арганізаваў кс. Казімір Шыдэлка SDB. Яна працягвалася 3 дні. Прапануем вашай увазе уражанні нашых парафіянак Галіны Вержбіцкай і Дануты Чыжовай, якія прынялі ўдзел у незвычайным падарожжы...
 
«Вітай, Марыя, поўная ласкі» — словамі малітвы да Маці Божай распачалася пілігрымка вернікаў з мінскай парафіі Святога Яна Хрысціцеля і парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах у марыйны санктуарый у Чэнстахове (Польша). Пілігрымку, якая адбывалася з 23 па 26 кастрычніка 2009 г., арганізаваў кс. Казімір Шыдэлка SDB.
Хтосьці ехаў упершыню, а хтосьці ўжо не першы, а можа, і не другі раз, аднак усіх пілігрымаў аб’ядноўвала жаданне радаснай сустрэчы з Маці Божай у цудоўным абразе, так, нібы для кожнага гэта сустрэча была ў першы раз.
Кульмінацыйным момантам малітоўнага падарожжа стала святая Імша каля цудоўнага абраза і Крыжовы шлях навокал санктуарыя. Прыгажосць і ўзнёсласць набажэнствам надаваў спеў моладзі пад кіраўніцтвам с. Віялеты.
У гэтыя дні ў санктуарыі праходзіў сімпозіум, у якім прымала ўдзел моладзь з розных куткоў Польшчы. Сапраўдным сведчаннем стала іх пастава на малітве, прыстойнае захаванне на вуліцы і г.д. Гэта сапраўды цудоўна, асабліва ў сённяшнія дні! Вера і рэлігійнае жыццё — гэта добры фундамент для кожнага чалавека.
Выказваем шчырую ўдзячнасць кс. Казіміру за яго духоўную апеку над намі, а таксама за аптымізм і радасць, якімі шчодра дзяліўся з кожным з нас. Хочам таксама падзякаваць с. Віялеце і моладзі, якія праз свой спеў, супольную малітву і добрыя жарты стваралі атмасферу адзінства паміж маладым пакаленнем і людзьмі старэйшага ўзросту.
За шчаслівую дарогу і атрыманыя ласкі дзякуем Богу і Найсвяцейшай Панне Марыі.


Галіна Вержбіцкая
  
Да Маці Божай Чэнстахоўскай з перапрашэннямі...

У сваім жыцці я ўжо пяць разоў прымала ўдзел у пілігрымцы да Маці Божай Чэнстахоўскай. Вельмі ўдзячна Пану Богу і Найсвяцейшай Маці за гэту вялікую ласку — неаднойчы пераступаць парог гэтага санктуарыя.
Кожны раз, углядаючыся ў поўнае смутку аблічча Маці Божай, разумееш, колькі болю мы прычыняем ёй сваімі жыццёвымі памылкамі. Здаецца, што ніколі не здолеем перапрасіць Езуса Хрыста і Маці Божую за свае правіны. Але зноў і зноў просім заступніцтва Маці Божай, аддаём сябе ў апеку Той, якая з’яўляецца аздараўленнем хворых і прытулкам грэшнікаў.
Побач з цудоўным абразом Маці Божай у капліцы знаходзіцца фігура Езуса Хрыста Укрыжаванага. На Яго твары адбіўся боль ад вялікай Ахвяры, якую Ён склаў за нас грэшных, за кожнага чалавека. А рана прабітага Найсвяцейшага Сэрца Езуса, здаецца, зроблена ў сённяшнія дні, нашымі грахамі. Езу Міласэрны, даруй нам.
Суполна мы, пілігрымы, прайшлі Крыжовы шлях, разважалі пра Муку Езуса Хрыста. У капліцы адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ў цішыні сэрцаў зноў і зноў перапрашалі Езуса Міласэрнага за свае грахі і ўсялякія правіны, за родных і знаемых, за душы ў чысцы церпячыя і за ўсю Айчыну.
Урачыста-таямніча, у малітоўным адзінстве была ўзнесена Святая Ахвяра каля цудоўнага абраза Маці Божай Чэнстахоўскай. Літургія вялася на беларускай мове. Усе нашы інтэнцыі, з якімі мы прыехалі да Марыі, былі складзены на алтары.
Мяне вельмі ўразіла вялікая колькасць пілігрымаў, асабліва моладзі, юнакоў і дзяўчат, якія прысутнічалі ў санктуарыі. Незабыўны і духоўны настрой, цішыня, якія панавалі ў святыні.
Цэлебрацыю святой Імшы перад цудоўным абразом, дзякуючы размешчаным паўсюль калонкам, можна чуць і па-за межамі капліцы.
Вярнуўшыся дадому, адпачнуўшы пасля дарогі, ізноў хочацца вярнуцца ў гэта цудоўнае месца.
 Ад усяго сэрца і з вялікай удзячнасцю перш за ўсе Пану Богу Мілэсэрнаму і Маці Божай, а  таксама кс. Казіміру Шыдэлка SDB, с. Віялеце Врубель FMA, пані Людміле і моладзі за арганізацыю такой цудоўнай пілігрымкі, за супольную малітву, за змястоўную і прыгожую праграму нашага падарожжа. Няхай Бог благаславіць і адудзячыць кожнаму.

Данута Чыжова
 
Прапануем таксама вашай увазе: Фотаздымкі з мерапрыемства >>>
© 2006-2017 Рымска-каталіцкая парафія Св. Яна Хрысціцеля ў г. Мінску