Спецыфіка малітвы Ружанца, якая базуецца на паўторы малітоўных формул, спрыяе падрыхтоўцы розуму і сэрца верніка да глыбокага разважання над падзеямі з жыцця Хрыста і Маці Божай. Таямніцы Ружанца падзяляюцца на 4 часткі: радасныя, балесныя, хвалебныя і таямніцы святла. Падчас іх адбываецца разважанне над пэўным выпадкам з жыцця Хрыста або Марыі і адгаворванне па 5 малітваў «Ойча наш», пасля кожнай з якіх ідуць 10 «Вітай, Марыя». Па словах Яна Паўла ІІ, гэтая малітва «моцна ўгрунтавана на духоўнасці хрысціянства, якое за дзве тысячы гадоў нічога не страціла са сваёй першапачатковай свежасці і адчувае, што Дух Божы натхняе яго „выплысці на глыбіню“ (ducat in altum)».
Рымскія Папы не раз указвалі на Ружанец як на малітву за мір: «Адгаворваючы Ружанец, нельга не адчуваць сябе выразна абавязаным служыць справе міру, асабліва памятаючы пра зямлю Езуса, якая і надалей церпіць выпрабаванні і якая вельмі дарагая сэрцу хрысціяніна». Разам з тым Ружанец з’яўляецца вялікай падтрымкай для верніка ў яго штодзённым жыцці. Медытацыйныя цыклы Ружанца дазваляюць глыбей пазнаць Хрыста, знаходзячы падтрымку ў словах Евангелля.
Матэрыял сайта Catholic.by










