Дзень духоўных сустрэч у Мінску
- Катэгорыя: Навіны
20 мая 2009 года у мінскай парафіі св. Яна Хрысціцеля адбылося штомесячнае спатканне святароў, законнікаў і законных сясцёр Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі. Традыцыйна сустрэча ўключала ў сябе два этапы: малітоўныя набажэнствы і абмеркаванне арганізацыйных пытанняў. Святую літургію ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Мітрапаліт Тадэвуш распавёў прысутным пра сваю сустрэчу з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам і працаўнікамі Адміністрацыі Прэзідэнта, якая адбылася на трэці дзень пасля Вялікадня. Паінфармаваў таксама пра візіт кіраўніка беларускай дзяржавы ў Рым.
Арцыпастыр закрануў актуальную для парафій архідыяцэзіі тэму перэгрынацыі абраза Езуса Міласэрнага і рэліквій благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі.
З 7 па 10 мая па запрашэнні Мітрапаліта Філарэта ў Беларусь прыбудзе кардынал Філіп Барбарэн, арцыбіскуп Ліона (Францыя). У межах свайго візіту, як паведаміў Мітрапаліт Тадэвуш, кардынал Барбарэн узначаліць святую Імшу ў мінскай архікатэдры і наведае горад Слонім.
Аб падрыхтоўцы і праграме набажэнстваў падчас сёлетніх урачыстасцяў у гонар Маці Божай Будслаўскай расказаў кусташ Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе а. Віктар Бурлака.
У межах сустрэчы з прамовай выступіў спадар Мікола Матрунчык, кіраўнік Міжканфесійнай місіі «Хрысціянскае сацыяльнае служэнне», які распавёў пра даследаванні, што праводзяцца іх арганізацыяй.
Нуступны дзень духоўных сустрэч адбудзецца у мінскім касцёле святых Сымона і Алены 18 чэрвеня 2009 г., напярэдадні распачацця Года святара (19 чэрвеня).
Матэрыял сайта catholic.by
Прапануем таксама вашай увазе: Фотаздымкі з мерапрыемства.










