
Сустрэча на тэму паклікання «ProVocatio» для хлопцаў узростам ад пятнаццаці гадоў адбылася 20-21 лютага ў салезіянскім араторыі імя св. Яна Боско ў Мінску. Гэта другая сустрэча з чатырох запланаваных на бягучы навучальны год. Маладыя людзі працягвалі разважаць на важныя для мужчыны і святара тэмы: «Пяць сакрэтаў сапраўднага мужчыны», «Сям’я, як асяроддзе, у якім мы расцём», «Адрозненні паміж дыяцэзіальным святаром і манахам», «LECTIO DIVINА». Яны разам маліліся — св. Імша была неад’емнай часткай кожнага дня, разам гулялі, разам разважалі над сваёй будучыняй.
Адгукнуўшыся на запрашэнне салезіянаў, у Мінск прыбыло каля 20 юнакоў з Бараўлян, Смаргоні, Баранавіч, Дзятлава і Мінску. Адказвалі за падрыхтоўку сустрэчы кс. Іван Огар SDB і кс. Станіслаў Краўчэнка SDB. Таксама кс. Аляксандр Мятліцкі SDB падрыхтаваў для юнакоў канферэнцыю на адну з запланаваных тэм.
Сустрэча пачалася цёплым, сяброўскім прывітаннем. Затым псіхолаг Таццяна Лазарава выступіла з канферэнцыяй. Разам з ёй маладыя людзі паглядзелі адмысловы фільм па тэме «Пяць сакрэтаў сапраўднага мужчыны» і абмяркавалі яго, дзелячыся сваімі разважаннямі. «Думай глабальна, дзейнічай унікальна!» — гэту думку з фільма хлопцы палічылі найбольш важнай. А затым, памаліўшыся Вяночак да Божай Міласэрнасці, яны згулялі некалькі таймаў у футбол і хакей. Перад сном хлопцаў чакаў прагляд цікавага фільма пад назвай «Трэнер» і, канечне, салезіянскае «слоўка на дабранач».
Другі дзень разважанняў аб пакліканні быў больш спакойным. Удзельнікі пазнавалі Божае Слова з дапамогай духоўнай практыкі «Lectio Divinа». Падчас «пустыні» — часу для асабістага разважання ў цішыні — маладыя людзі мелі магчымасць знайсці адказ на пытанне «Хто я?», і проста суцішыць сваё сэрца і падрыхтавацца да св. Імшы.
Рэкалекцыі па традыцыі завяршыліся абедам і падвядзеннем вынікаў.
Наступная сустрэча на тэму паклікання пройдзе з 30 сакавіка на 1 мая 2016. На яе запрошаны хлопцы, якія задумваюцца над святарскім альбо законным пакліканнем, асабліва салезіянскім. Узрост удзельнікаў ад 15 гадоў і вышэй.
Па ўсіх пытаннях можна звяртацца да адказнага за Прэнавіцыят «Таварыства св. Францішка Сальскага» у Беларусі кс. Івана Огара SDB па тэл.: +375(29) 691 02 22










