Усё мае свой пачатак і канец. Так і пяты Кубак Дона Боско, якога мы так доўга чакалі, паказаў нам сваю кульмінацыю ў выглядзе фінальнага матча, і нам засталося толькі пабачыць “эпілог”, якім стане цырымонія ўзнагароды галоўных герояў гэтага апавядання.
Якім быў гэты юбілейны турнір? Чым быў адметны і чаму навучыў? Да якіх яго старонак мы яшчэ будзем вяртацца?
Для пачатку давайце звернемся з пытаннямі да статыстыкі. На працягу турніра было згуляна 48 гульняў, адна гульня не адбылася, таксама не было гульні за трэцяе месца. Было забіта больш за 200 галоў! На рахунку лепшага снайпера турніру 19 галоў, гэта больш, чым у некаторых каманд за ўсю адлегласць спаборніцтваў. Удзел у турніры прыняло 16 каманд, такога на #КДБ дагэтуль не было! Калі скласці ўвесь час праведзены камандамі на пляцоўцы, то мы атрымаем роўна 24 гадзіны. Усяго было дваццаць гульнявых дзён, на якія было падрыхтавана 19 наступных тэм: "Жыццё як дар", "Жыццё як заданне", "З чаго пачаўся наш сусвет?", "Свет вакол мяне", "Сэнс жыцця", "Я і іншы чалавек", "Адказнасць за дар жыцця", "Свет каштоўнасцяў", "Чалавечая годнасць", "Свабода чалавека", "Прыгажосць", "Грэх", "Удзел у стварэнні свету", "Шчасце", "Любоў да бліжняга", "Мой ідэал", "Мая будучыня", "Святы Ян Боско". Таксама яшчэ ніколі так шмат людзей не прымала ўдзел у падрыхтоўцы турніру, на гэты раз і дзяўчаты маглі праявіць сябе ў якасці адказных за дзень.
Відавочна, што турнір дапамог удзельнікам добра правесці час, знайсці новых сяброў, пазнаёміцца з асобай ксяндза Боско. Ці падабаецца ім гэтая перспектыва? Трэба пытацца ў футбалістаў, але фактам з’яўляецца непаўторная і непараўнальная атмасфера КДБ, якая ўжо пяты год прываблівае ўсё новых хлопцаў пазмагацца за галоўны прыз.
А зараз давайце звернем сваю ўвагу да падзей, якія разгортваліся непасрэдна на пляцоўцы.
У першым паўфінале сустракаліся “GIALLOROSSI” і “Винегрет”. Нагадаем, такая ж шыльда была ў матчы адкрыцця турніру, тады “GIALLOROSSI” саступалі пасля першага тайму, але у другой палове гульні здзейснілі неверагодны “камбэк,” атрымаўшы перамогу з лікам 5-4. У гэты вечар настрой каманды “Винегрет” быў рашучы, яны жадалі ўзяць рэванш, тым больш, што гэта была барадзьба за фінал. Яны гэта і прадэманстравалі, упэўнена распачаўшы гульню і заканамерна першымі адкрыўшы лік у сустрэчы. “GIALLOROSSI” не збіраліся здавацца і ў хуткім часе іх капітан забіў гол у адказ. Але на большае каманда у гэты вечар была не здольна. А “Винегрет” насупраць гуляў вельмі упэўнена, ператварыўшы сваю перавагу ў забітыя галы і атрымаўшы перамогу з лікам 5-1.
У наступным паўфінале “Волат” змагаўся з “Савіо”. Гульня атрымалася вельмі гарачай і багатай на падзеі . “Савіо” бясспрэчна з’яўляліся фаварытамі гульні, і забілі першымі, але “Волат” на працягу ўсёй турнірнай адлегласці дэманстраваў тое, што не баіцца аўтарытэтаў, абыйшоўшы абодвух мінулагодніх фіналістаў! Не збіралася каманда саступаць і ў гэты раз, забіўшы ў першым тайме адзін за адным два галы. Трэба адзначыць, што другі гол у выкананні Аляксея Доўгаля атрымаўся прыгожым. Вельмі нялёгка было "Савіо" ў гэтай гульні, шмат намаганняў давялося прыкласці камандзе, каб зраўняць лік, а пасля забіць і пераможны гол. Складаная перамога “Савіо” з лікам 3-2.
Адказным за дзень паўфіналаў быў аніматар з араторыя Павел Купцоў, а тэма дня гучала так: “Мая будучыня”. Вашай увазе невялікія разважанні на гэтую тэму: "Ці ведаю я, чаго жадаю ў сваім жыцці, чаго жадаю дасягнуць? Не толькі, кім я жадаю быць, але і якім жадаю быць? Не толькі заўтра, не толькі праз год. Ці дастаткова мне таго, які я ёсць, ці важна для мяне станавіцца штораз лепшым? Ці скончыцца мая будучыня на могілках? Калі існуе Бог, то мая будучыня вечная! Выхаванне, самавыхаванне – барацьба са сваімі слабасцямі і фарміраванне сябе. Аўтафармацыя. Я вучуся пазнаваць і разумець сябе. Я стаўлю сабе пэўную мэту, заданне, за якое я потым сам здаю справаздачу. Я бачу свае памылкі і не жадаю больш іх паўтараць. “Патрабуйце ад сябе, нават калі іншыя ад вас не патрабуюць.” (ЯП ІІ, Ясная Гара 1983г.). І як дадатак, вельмі глыбокая думка ад Ксяндза Боско: Без ахвяры не можам стаць святымі. (Св. Ян Боско)".
Нядзеля, 17 студзеня, фінал. Адказным за гэты дзень быў аніматар Раман Гапцар. Сімвалічна, што тэмай фіналу на #КДБ5 стала асоба ксяндза Боско. Раман распавёў прысутнам кароткую гісторыю жыцця святога, а таксама закрануў яго выхаваўчую сістэму. У зале араторыя панавала святочная атмасфера. Паглядзець фінальную гульню прыйшло шмат заўзятараў, а хто не здолеў быць непасрэдна ў араторыі, мог назіраць відыётрансляцыю гульні ў інтэрнэце. Арганізатары, як і ў паўфінальных гульнях, выкарысталі дастасаванне periscope.tv, каб даць магчымасць жадаючым ўбачыць гульню на свае уласныя вочы.
Гэта быў ужо трэці фінал для “Савіо”, абодва мінулыя разы каманда заваёўвала тытул. “Винегрет”, насупраць, у сваім дэбютным турніры адразу трапіў у фінал. Толькі распачаўшыся, гульня адразу прыцягнула ўвагу ўсіх прысутных. Гулялі дзве моцныя каманды, ствараючы шмат небяспечных момантаў. Неверагодныя рэчы рабілі брамнікі, выцягваючы “мёртвыя” мячы. Сачыць за гэтай гульнёй была сапраўдная асалода. “Винегрет” забіў першы гол, а пасля і другі. На перапынак каманды пайшлі з лікам 2-0 на карысць ФК “Винегрет”. У другім тайме “Савіо” здолеў забіць гол, тым самым падараваўшы захапляючую канцоўку гульні. “Савіо” пабегла ў атаку, ствараючы шмат момантаў і прымушаючы памыляцца “Винегрет”.
Апошнія ж насупраць шукалі свае шансы ў контратаках, таксама маючы магчымасць змяніць лік. Але лік не змяніўся! ФК “Винегрет” сталі уладальнікамі Кубка Дона Боско, перамогшы ў фінале ФК “Савіо” з лікам 2-1.
Фк “Савіо” займае другое мейсца, а бронзу паміж сабою падзялілі каманды “Волат” і “GIALLOROSSI”. Віншуем пераможцаў і запрашаем ўсіх жадаючых на цырымонію ўзнагароджання, якая адбудзецца пад час свята ў гонар святога Яна Боско ў мінскім араторыі 31 лютага.